Праца здымачнай групы расійскага прапагандысцкага тэлеканала НТВ на чале з журналістам Аляксеем Прокіным на мінскім аўтавакзале «Усходні», дзе маскоўскія тэлевізійнікі спрабавалі зняць рэпартаж аб прыбыцці ў беларускую сталіцу былога палітвязня Міколы Статкевіча, была сур'ёзна ўскладненая.
Людзі, якія прыехалі сустракаць вызваленага палітыка, сустрэлі расійскіх прапагандыстаў сапраўдным жывым колам ганьбы.
Відэа: Радыё Свабода
У прыватнасці, карэспандэнту Аляксею Прокіну прыйшлося некалькі разоў перапісваць свой стэнд-ап (план, у якім журналіст начытвае тэкст на камеру). Усе дублі, якія прапагандысты паспрабавалі зняць на фоне натоўпу беларусаў, што сустракалі Статкевіча, прыйшлося выдаліць. Прычына таму — выкрыкі натоўпу «Слава Украіне!» і «Крым — гэта Украіна!».
У выніку рэпартаж у эфір НТВ усё ж выйшаў. Зразумела, усе планы, на якіх беларусы выкрыквалі лозунгі ў падтрымку Украіны, з матэрыялу акуратна выразалі пры мантажы.





