Самая папулярная серыя мабільных гульняў Angry Birds атрымала перазапуск. Праз пяць з паловай год пасля выхаду арыгінальнай гульні фіны Rovio выпусцілі Angry Birds 2.

Гульня традыцыйна бясплатная з ненавязлівымі пакупкамі бонусаў. Свет «злых птушак» цалкам перамаляваны, дадалося багата анімацый. Узроўні цяпер падзеленыя на «пакоі».

Галоўны сімвал гульні, чырвоная злая птушка, атрымала новую здольнасць «сілавога штуршка», падобную да такой у «птушкі-джэдая» з Angry Birds: Star Wars. Старыя знаёмыя, як то сіні «трайны верабейчык» ці жоўтая «рэактыўная беражанка», таксама на месцы. Цяпер гулец можа абіраць, якую з наяўных птушак выкарыстаць для праходжання ўзроўню.

Як і ў мностве ўмоўна-бясплатных гульняў, у Angry Birds ёсць абмежаванне: праваліць узровень можна толькі пяць раз, затым прыйдзецца дакупаць дадатковыя спробы. Бясплатная новая спроба «генеруецца» за паўгадзіны. Гульня не патрабуе абавязковага злучэння з інтэрнэтам.

Нягледзячы на даволі простую мульцяшную графіку, гульня пакуль умудраецца тармазіць на тэлефоне з адным з самых магутных на сёння працэсараў, Snapdragon 810. Тым не меней, з цягам часу гэта можа выправіцца, а ў кампенсацыю нязручнасцей аўтары прапануюць «першапраходцам» унутрыгульнёвы бонус за праходжанне першага набору ўзроўняў у бліжэйшыя два тыдні.

Спампаваць для Android

Спампаваць для iOS

***

З 2009 года выйшла паўтара дзясятка гульняў серыі Angry Birds, сумарна іх загрузілі некалькі мільярдаў раз. У серыі выходзілі як традыцыйныя галаваломкі, так і гонкі, ролевыя гульні, галаваломкі па матывах «Зорных войнаў», стралялка па матывах «Трансформераў» і спін-оф, у якім трэба гуляць за свінак. Каля паловы прыбытку распрацоўшчыкі атрымліваюць ад продажу рэальных цацак па матывах серыі. У свеце дзейнічаюць некалькі забаўляльных паркаў Angry Birds Land. Па матывах гульні выходзілі кароткаметражныя мультфільмы. Sony здымае поўнаметражны 3D-мультфільм «Angry Birds», прэм’ера прызначаная на 20 мая 2016 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?