Паўночнакарэйскі плакат
Паўночная Карэя раскрыла спіс 310 новых палітычных слоганаў, распавядае The Guardian. Спіс быў апублікаваны карэйскім інформагенцтвам KCNA на 70-годдзе Рабочай партыі.
Яны славяць кіраўніка дзяржавы Кім Чэн Ына і дынастыю Кімаў, кажуць аб важнасці надзейных жонак і жахах амерыканскага імперыялізму.
Некаторыя са слоганаў:
- «Расціце горы фруктаў, і іх салодкі водар напоўніць паветра ў моры яблынь у падножжа перавалу Чхоль!»
- «Расціце гародніну ў цяпліцах!»
- «Хай будзем краінай грыбоў!»
- «Гуляйце ў спартыўныя гульні агрэсіўна!»
- «Калі ворагі пасмеюць напасці на нашу Радзіму, знішчайце іх да апошняга!»
- «Карэя, хай увесь свет ведае аб нараджэнні яскравай зоркі над гарой Пэкту!» (пра Кім Чэн Іра, у час нараджэння якога паводле легенды над гарой Пэкту заззяла знічка)
Адзін з уцекачоў з КНДР Лі Мін Бок распавядае: «Мы проста пахаваныя пад лавінай слоганаў. Нам прыходзіцца іх запамінаць, каб была магчымасць прадэманстраваць сваю лаяльнасць. Але паступова яны губляюць сэнс, асабліва пасля голаду 90-х».
Слоган пра цяпліцы, кажа ён, існуе ўжо два дзясяткі год. Праблема ў тым, што людзі не маюць пластыкавых панэляў ці паліва для абагрэву.
Некаторыя слоганы ператвараюцца ў мясцовыя анекдоты: «Хай дарога наперадзе цяжкая, мы пройдзем па ёй са смехам» народ перайначыў як «Яны, вядома, смяюцца, але нашто мы таксама мусім туды ісці?»





