У распараджэнні рэдакцыі ZN.UA знаходзіцца копія праекта пратакола па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, перададзенага ў аўторак вечарам ўдзельнікам трохбаковай кантактнай групы ў Мінску прадстаўнікамі «ДНР» і «ЛНР».

Дакумент, азагалоўлены «Пратакол пасяджэння Трохбаковай кантактнай групы з удзелам прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей адносна комплексу мер па палітычным урэгуляванні канфлікту», змяшчае 15 пунктаў. Іх асноўны сэнс зводзіцца да наступнага.

— Забяспечыць усёабдымнае спыненне агню з 10.00 12 лютага 2015 года  (па Кіеве)

— Забяспечыць адвод цяжкіх узбраенняў (калібрам 100 мм і больш): для ўкраінскіх войскаў — ад фактычнай лініі судакранання бакоў; для ўзброеных фарміраванняў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей — ад лініі судакранання бакоў па Мінскім мемарандуме ад 19 верасня 2014 года. Таксама дакументам вызначаецца далёкасць адвядзення сістэм узбраення рознага тыпу для стварэння зоны бяспекі. Адвод павінен пачацца не пазней другога дня пасля спынення агню, працэсу павінны спрыяць ваенныя эксперты АБСЕ.

— Прыняць да 20 лютага 2015 г. пастанову Вярхоўнай Рады з указаннем пераліку раёнаў, на якія распаўсюджваецца асаблівы статус у адпаведнасці з Законам Украіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей» (у межах лініі судакранання, усталяванай дадаткам да Мінскага мемарандума ад 19 верасня 2014 г).

— Да 20 сакавіка 2015 года ўзгадніць з прадстаўнікамі асобных раёнаў праект Закона Украіны аб муніцыпальных выбарах у асобных раёнах і прыступіць да дыялогу па пытаннях прадастаўлення гэтым раёнам статусу аўтаноміі.

Адмяніць да 23 лютага 2015 года ўсе рашэнні палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Украіны аб правядзенні Узброенымі сіламі і Нацыянальнай гвардыяй антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе.

— Прыняць і ўвесці ў дзеянне да 25 лютага 2015 года Закон Украіны, які забараняе пераслед і пакаранне асоб у сувязі з падзеямі, што мелі месца ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Забяспечыць памілаванне, амністыю і абмен усіх асоб, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі Украіны (усіх на ўсіх). Гэты працэс павінен завяршыцца не пазней за пяты дзень пасля адводу.

— Аднавіць сацыяльную сферу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей (выплаты пенсій і дапамог) і забяспечыць бяспеку доступу, паставак, захоўвання і размеркавання гуманітарнай дапамогі. Аднавіць у поўным аб'ёме сацыяльна-эканамічнае ўзаемадзеянне бакоў, у тым ліку ў банкаўскай сферы.

— Толькі ў пункце пад нумарам 11 (з 15) прапануецца — Адвесці ўсе замежныя вайсковыя фармаванні, ваенную тэхніку, а таксама ваенны персанал і наймітаў з тэрыторыі Украіны, пры маніторынгу АБСЕ. Раззброіць усе незаконныя групоўкі.

— Правесці канстытуцыйную рэформу ва Украіне, якая ўключае глыбокую дэцэнтралізацыю праз забеспячэнне статусу аўтаноміі асобных раёнах Данбаса.

— Арганізаваць свабодныя і сумленныя выбары ўсіх мясцовых органаў улады на падставе ўзгодненага з прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Закона Украіны аб муніцыпальных выбарах у асобных раёнах і Закона Украіны аб асаблівым статусе Данбаса пры міжнародным маніторынгу.

— І толькі ў перадапошнім, 14-м пункце, гаворыцца пра распаўсюд працы місіі АБСЕ на ўчасткі мяжы, што не знаходзяцца ў цяперашні час пад кантролем Украіны, прычым гэта павінна адбыцца пасля ўступлення ў сілу паправак у Канстытуцыю Украіны, ды яшчэ і ў выніку ўзгаднення з прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.

10 лютага падчас перамоў у Мінску прадстаўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін заявіў, што перадаў бакам дакумент для азнаямлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0