11 лютага адкрылася XXII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у якой бяруць удзел 28 краін.
Ганаровым госцем выставы сёлета стаў Кітай. Як адзначыў на адкрыцці форуму намеснік начальніка Кітайскай дзяржаўнай адміністрацыі радыё, кіно і тэлебачання, намеснік начальніка дзяржаўнага ўпраўлення па справах аўтарскага права Янь Сяахун, у Мінск прыбыла дэлегацыя з 79 чалавек і прывезла больш за пяць тысяч найлепшых кітайскіх кніг.
«Наш удзел у якасці ганаровага госця выставы — гэта новая старонка ў культурным супрацоўніцтве дзвюх краін, — сказаў Янь Сяахун. — Падпісанне сёння мемарандума аб перакладах кніг з кітайскай мовы на рускую і наадварот з'яўляецца добрым пачаткам для ўмацавання ўзаемных адносін паміж дзвюма краінамі».
Прывітальнае слова Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам выставы і міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», што праходзіць у яе межах, зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі.
У пасланні сказана: «Не адно пакаленне беларусаў выхаванае на кнігах, героі якіх станавіліся прыкладам для пераймання, дапамагалі фарміраваць характар, адданасць радзіме, уменне знаходзіць выйсце з няпростых жыццёвых сітуацый. Для нас выключна важна, каб удумлівае слова літаратараў і надалей служыла пацвярджэннем прынцыпаў маралі, пачуцця адказнасці чалавека за лёс сваёй краіны, вучыла міласэрнасці і дабру, спрыяла кансалідацыі грамадства перад абліччам выклікаў і пагроз XXI стагоддзя».
Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч адзначыла, што «ў гэтыя дні ў нашай сталіцы куецца сусветная палітыка». «Тут сёння сабраліся кнігавыдаўцы з 28 краін, каб яшчэ раз падкрэсліць, што кніга была, ёсць і будзе заставацца мостам дружбы і супрацоўніцтва», — сказала яна.
Паводле слоў намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі, выстава дазволіць краінам-удзельніцам падзяліцца назапашаным вопытам, наладзіць цесныя сувязі, прадэманстраваць свае дасягненні, навінкі кніг і выдавецкай прадукцыі.
Цэнтральным экспанентам выступіла Расія. Прэзентаваныя таксама буйныя калектыўныя экспазіцыі Францыі, Германіі, Ірана, Вялікабрытаніі і ЗША. Сёлета ў якасці ўдзельніка да форуму далучылася Бразілія.
Выстава, адной з галоўных тэм якой стала 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, будзе працаваць да 15 лютага ўключна.
З праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.





