Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі заявіў кіраўнік так званай «Луганскай Народнай Рэспблікі» Ігар Платніцкі, паведамляе сайт Луганскага інфармацыйнага цэнтра.
«Калі справа дойдзе да ўвядзення міратворчага кантынгенту і папросяць нашай згоды, то, вядома ж, у першую чаргу мы б хацелі бачыць у ролі міратворцаў Расійскую Федэрацыю і, магчыма, Беларусь», - сказаў ён.
«Захад нас цікавіць толькі ў відзе прадстаўнікоў», - зазначыў Платніцкі. «На баку Украіны супраць нас ваююць палякі, іспанцы і іншыя. Таму наўрад ці еўрапейскія краіны зацікаўленыя ва ўводзе міратворцаў».
У пачатку кастрычніка мінулага года ў інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюс» Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што разглядае магчымасць увядзення беларускіх войскаў на ўсход Украіны ў якасці міратворцаў.
«Калі патрэбна, а гэта для мяне небяспечная і страшная рэч, калі ёсць недавер Захаду да Расіі, а Расіі – да Захаду, і ёсць недавер ваюючых бакоў, то я гатовы быў бы выкарыстоўваць свае ўзброеныя сілы для таго, каб развесці бакі канфлікту», - сказаў Лукашэнка. Праўда, потым ён абвяргаў гэтыя словы. Маўляў, яго не так зразумелі.
Большасць беларусаў лічаць, што Беларусь не павінна быць уцягнутая ў гэтую вайну ні пад якім соусам.
Відавочна, што на такую прапанову Платніцкага не пагодзяцца і ўкраінцы. Фактычна з боку «ЛНР» ідзе прапанова легальна ўвесці на іх тэрыторыю расейскую армію.





