Карціну Поля Гагена «Nafea Faa Ipoipo» («Калі ж ты выйдзеш замуж?») прадалі за рэкордныя $ 300 млн, піша The New York Times са спасылкай на крыніцы з Еўропы і ЗША. Па наяўнай інфармацыі, гэта самая высокая цана, калі-небудзь выплачаная за твор мастацтва.

На карціне, якая датуецца 1892 годам, намаляваныя дзве жыхаркі Таіці. Палатно належала прыватнаму калекцыянеру і экс-супрацоўніку Sotheby's з Швейцарыі Рудольфу Штэхеліну. 62-гадовы Штэхелін пацвердзіў факт продажу карціны.

Газета ўдакладняе, што швейцарскі калекцыянер валодае праз сямейны траст больш як 20 працамі імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў (у тым ліку палатном Гагена), якія можна ўбачыць у Мастацкім музеі Базеля на працягу амаль 50 апошніх гадоў.

Па словах двух арт-дылераў, купцом карціны Гагена стала арганізацыя Qatar Museums. «Я не адмаўляю і не пацвярджаю гэта», — сказаў Штэхелін. Аб цане палатна ён гаварыць адмовіўся. У Qatar Museums на запыт аб каментары не адказалі.

Папярэднім рэкардсменам лічылася карціна Поля Сезана «Гульцы ў карты», за якую багаты газам Катар, паводле некаторых звестак, заплаціў у 2011 годзе $250 млн.

Палатно Гагена ў лютым можна будзе ўбачыць у Базелі на выставе, прысвечанай гэтаму мастаку. Затым калекцыя адправіцца ў Мадрыд і Вашынгтон. Па словах Штэхеліна, новы гаспадар карціны уступіць у валоданне ў наступным студзені.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0