Кніга «Арлен Кашкурэвіч» з серыі «Славутыя мастакі Беларусі» была прадстаўленая ў Нацыянальным мастацкім музеі 14 студзеня. Разам з прэзентацыяй адбылося адкрыццё выставы паштовак, што Арлен Міхайлавіч на працягу 40 год рассылаў сябрам і калегам.

На паштоўках можна пабачыць персанажа П’еро і афарызмы на латыні. Паштоўкі выкананыя ў тэхніцы лінагравюры (гравіраванне па лінолеуме). «Ab imo pectore» ў перакладзе з лаціны значыць «Ад усёй душы».

«Наша Ніва» распытала сына Арлена Міхайлавіча, мастака і музыку Тодара Кашкурэвіча, пра паштоўкі і іх значэнне.

«Гэта стала традыцыяй для мінчукоў і не толькі. Гэта была ініцыятыва Арлена Міхайлавіча, ён без перапынку 40 гадоў кожны год вяртаў лацінскую мову і пэўны еўрапейскі шарм у гарадскую культуру Беларусі і ў асяроддзе беларускай інтэлігенцыі», — кажа Тодар.

Арлен Кашкурэвіч. Фота з асабістага архіва Тодара Кашкурэвіча.

Арлен Кашкурэвіч. Фота з асабістага архіва Тодара Кашкурэвіча.

У выбары менавіта тэхнікі лінагравюры Тодар не раіць шукаць патаемны сэнс. Лінагравюра — проста выбар мастака, тэхніка, пэўная ўмоўнасць і стылістыка.

«Рэч у тым, што некаторыя ўспрымаюць гэта як хобі альбо забаўку Арлена Міхайлавіча. А на самой справе гэта была акцыя культуралагічнага значэння, — тлумачыць Тодар. Усё ж такі беларуская, мінская інтэлігенцыя — гэта савецкія людзі. Быкаў, Адамовіч, Брыль, той жа Караткевіч… Арлен Міхайлавіч вяртаў, навязваў, актуалізаваў еўрапейскі кшталт нашай культуры. Гэта вяртанне лацінскай мовы, гэта еўрапейскія вобразы».

«Ён трымаў у тонусе творчую інтэлігенцыю, каб не расслабляліся, нагадваў гадамі пра кшталты стылю».

Сам Тодар таксама валодае тэхнікай лінагравюры, але не гатовы казаць пра тое, ці працягне традыцыю.

Па словах Тодара Кашкурэвіча, мастацтвазнаўцы Беларусі «даволі плоскія людзі». Ніхто не заўважыў, што ён стварыў еўрапейскі кантэкст для беларускай літаратуры: «Да яго Беларусь у ілюстрацыях успрымалася праз такіх дзядзек смешных з вусамі, калі гістарычная тэма — фактура старажытнарускіх «віцязяў» з пэўнай атрыбутыкай… А менавіта ў 60-х гадах было рэвалюцыйным тое, што Арлен Кашкурэвіч увёў заходнееўрапейскую фактуру ў кантэксце беларускай літаратуры».

«Трыпціх», апошняя работа Арлена Кашкурэвіча. Фота з асабістага архіва Тодара Кашкурэвіча.

«Трыпціх», апошняя работа Арлена Кашкурэвіча. Фота з асабістага архіва Тодара Кашкурэвіча.

Творы Караткевіча ды «Песня пра зубра» Гусоўскага займелі еўрапейскі кантэкст не толькі сэнсавы, але і візуальны з ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча ў іх выданнях, сцвярджае Тодар. Еўрапейскі кантэкст ён надаў не толькі гістарычнай, але і «суворай» літаратуры накшталт кніг Быкава, Адамовіча, дзе Арлен Кашкурэвіч працягнуў традыцыі нямецкага экспрэсіянізму, але на беларускай глебе і фактуры. Яго філасофска-мастацкая інтэрпрэтацыя да «Фаўста» Гётэ лічацца ў свеце адным з лепшых ілюстраванняў гэтага твору.

«Ці запатрабаванае яго мастацтва? Разумееце, запатрабаванасць мастацтва заключаецца ў маркетынгавых схемах, а Арлен Міхайлавіч быў вельмі суворы мастак. А людзям хочацца салодкага, перажываць нейкія трагічныя рэчы, філасофскія, людзям часцей за ўсё не хочацца», — дадае Тодар Кашкурэвіч.

Арлен Кашкурэвіч працаваў у станковай графіцы, афармляў кнігі. Прафесар-візітатар ЕГУ. Лаўрэат дзясяткаў міжнародных і нацыянальных прэмій за кніжнае афармленне. Народны мастак Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Памёр у 2013 годзе, на 84-м годзе жыцця.

Тодар Кашкурэвіч — мастак, этнакультуролаг, музыка і вядомы майстар па вырабе дудаў. Адзін з пачынальнікаў сучаснага дударскага руху. Адзін з заснавальнікаў цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя». Галоўны рэдактар альманаха «Druvis».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?