Аўтар – вядомы беларускі гісторык і картограф, які ў 2011 годзе заўчасна памёр пасля цяжкай хваробы ва ўзросце ўсяго толькі 36 гадоў. У дадзенай кнізе фактычна падсумоўваецца тое, што ён паспеў за сваё кароткае жыццё зрабіць.

Асобныя раздзелы кнігі ўпершыню ў айчыннай гістарыяграфіі дазваляюць прасачыць трансфармацыю ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага на працягу XIV — першай паловы XVI ст.

Вызначэнне літоўска-маскоўскай мяжы разглядаецца на фоне развіцця адносін дзвюх найбуйнейшых дзяржаў Усходняй Еўропы, ВКЛ і Вялікага Княства Маскоўскага: ад першых тэрытарыяльных кантактаў і канфліктаў другой паловы XIV ст. да ўсталявання трывалай мяжы і памежных войнаў XV — першай трэці XVI ст.

Асобны раздзел прысвечаны лёсу Гомейскай воласці, якая на працягу доўгага часу займала памежнае становішча паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім.

У дадатку змешчаны працы аўтара па праблемах гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і рэгіянальнай гісторыі, звязаныя з агульнай тэмай. Каштоўнасць кнігі ўзмацняюць падрыхтаваныя аўтарам гістарычныя карты (усяго 31, з іх 25 каляровыя), шэраг з якіх надрукаваныя ўпершыню. Кніга выйшла ў цвёрдай вокладцы.

Змест кнігі і інфармацыя, як яе замовіць ёсць на сайце часопіса Arche.

«Навуковую, а ў пэўным сэнсе і палітычную цікавасць выклікаюць высновы, зробленыя аўтарам, — адзначаецца ў прадмове. — Галоўная сярод іх тая, што, нягледзячы на доўгі і складаны працэс складвання мяжы паміж Беларуссю і Маскоўскай дзяржавай, на шэраг памежных войнаў, іншых найперш палітычных падзей,

«літоўска-маскоўская мяжа» «ўжо з пачатку XVI ст. выяўляла дзяржаўныя межы сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Гэта сапраўды дзіўна, бо вядома, што межы Беларусі складваліся не ў адпаведнасці з натуральным тэрытарыяльным развіццём або арэалам рассялення беларускага этнасу, а паводле палітычных рашэнняў. Як бы там ні было, але да сённяшняга дня працягваюць сваё існаванне межы, закладзеныя яшчэ ў пачатку XVI, а можа і ў XV ст.».

Напрыканцы адзначым, што публікацыяй гэтай навуковай працы робіцца важны ўнёсак у гістарыяграфію гісторыі Беларусі XІV—XVI стст., у вывучэнне гісторыі адносін паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім. Манаграфія Віктара Цемушава «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага» стане добрым падмуркам для тых, хто пазней будзе займацца вывучэннем гісторыі нашай Бацькаўшчыны падчас знаходжання беларускіх земляў у складзе Вялікага Княства Літоўскага».

X

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0