Амерыканскі акцёр і музыкант Джарэд Лета, які атрымаў прэмію «Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю другога плана, што ўручаўся ў ноч на панядзелак у Лос-Анджэласе, у сваёй прамове згадаў пратэстоўцаў ва Украіне і Венесуэле, паведамляе Дождь.

«Дэманстранты ва Украіне і Венесуэле. Мы думаем сёння пра вас», — заявіў у сваёй прамове Джарэд Лета.

Ён перамог у першай намінацыі 86-й штогадовай цырымоніі ўручэння ўзнагарод Кінаакадэміі. Ён атрымаў статуэтку за ролю транссэксуала ў фільме «Даласкі клуб пакупнікоў».

Джарэд Лета — фронтмэн гурту «30 seconds to Mars», які, між іншым, 10 сакавіка прыязджае ў Беларусь і дасць вялікі канцэрт у «Мінск-Арэне»

Раней НН паведамляла, што расійскі Першы канал адмовіўся паказваць цырымонію «Оскар» у прамым эфіры і пакажа яе на дзень пазней і ў запісе.

А вось на беларускім АНТ цырымонію пакажуць сёння ў 22:05, але цікава, ці будзе паказана прамова Джарэда Лета (ён, нагадаем, першым атрымліваў узнагароду).

***

Фільм рэжысёра Стыва МакКуіна «12 гадоў рабства» атрымаў прэмію «Оскар» як найлепшы фільм 2013 года.

Раней Амерыканская кінаакадэмія узнагародзіла «12 гадоў рабства» за адаптаваны сцэнар (Джон Рыдлі) і жаночую ролю другога плана (Люпіта Ніонга).

Больш за ўсё «Оскараў» — сем — атрымала касмічная драма «Гравітацыя»; у прыватнасці, Альфонса Куарон быў прызнаны найлепшым рэжысёрам, а Эмануэль Любецкі — найлепшым аператарам.

Найлепшым паўнаметражным мультфільмам на «Оскары-2014» прызналі дыснэеўскае «Халоднае сэрца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?