Новая кропка біфуркацыі ў стылістыцы national-fusion. На вуліцы Карла Маркса адчыняецца бар «Тутэйшыя» з невысокімі коштамі і зніжкамі для беларускамоўных.

Напрыканцы года ў Менску адчыняецца новая пляцоўка. Бар «Тутэйшыя» размесціцца па адрасе вул. Карла Маркса, 21 (суседнія дзверы з піцэрыяй «Перчык»). Адчыняюць месца нашыя старыя знаёмыя з праекту CoffeeLab – за бізнесовы складнік адказвае Арцём, за ідэалагічна-дызайнерскі – Уладзімір aka Mrrr.

Аздабленне інтэр’ера – у канцэпцыі national-fusion, з купай сімвалаў: ад вясковых гліняных жбаноў і элементаў рыцарскай амуніцыі да стосу газет «Праўда» і баксёрскіх пальчатак.

«Пры распрацоўцы дызайну натхняліся ў тым ліку стылістыкай апошніх кліпаў «Ляпіса»», – тлумачыць Mrrr.

На сцяне – вялікі стэнсіл з партрэтамі пяці беларускіх літаратараў. Сярод іх нават Максім Танк (на пытанне «чаму менавіта ён?» мы пачулі адказ «а чаму б і не?»).

Назва бара «Тутэйшыя», відавочна, будзе выклікаць пытанні ў людзей з глыбокім пачуццём нацыянальнай годнасці. На гэта стваральнікі месца загадзя адказваюць: «Назва даволі іранічная, калі жадаеце. Не хвалюйцеся, п’есу Янкі Купалы мы чыталі. Будзем лічыць наш бар такой кропкай ідэнтыфікацыі. Хай людзі да нас прыходзяць і вызначаюцца, хто яны – тутэйшыя ці беларусы».

У «Тутэйшых» будзе прадавацца 2–3 віды разліўнога піва і больш за 20 – бутэлечнага, у тым ліку чэшскага, нямецкага, бельгійскага.

Келіх будзе каштаваць у сярэднім Br 30–35 тыс. Абяцаюць таксама «шырокі выбар моцнага алкаголю, у тым ліку вялікую лінейку віскі». Стваральнікі месца маюць бэкграўнд у выглядзе кавярні CoffeeLab, таму і ў новым месцы вялікая ўвага будзе надавацца кававым напоям.

Стваральнікі бара падкрэсліваюць, што будуць рабіць мінімальную нацэнку на алкаголь, каву і закускі, таму месца пагражае зрабіцца адным з самых недарагіх у гэтым дыстрыкце. «Мы разлічваем на маладую публіку, студэнтаў, умоўна кажучы, вось на тую аўдыторыю, якая нядаўна запаланіла Вільню з нагоды канцэрту «Ляпісаў»», – кажа Арцём.

У меню не будзе гарачых страваў, але будуць салаты, сэндвічы, піўныя сэты.

Плануецца зрабіць лінейку сняданкаў. Месца будзе адчыняцца а 9-й раніцы, а тое, да якой гадзіны будуць працаваць «Тутэйшыя», пакуль яшчэ вырашаецца.

Акрамя, відавочна, напояў і снэкаў, у бары плануецца зрабіць вітрыну з цікавымі сувенірамі, тышоткамі і, магчыма, нават кнігамі, якія тут можна будзе прыдбаць. Ну і адна з галоўных фішачак – хлопцы абяцаюць зніжку 15% усім, хто будзе ва ўстанове размаўляць па-беларуску. «А чаму б і не?» – чуецца ў адказ на пытанне, адкуль прыйшла такая ідэя.

Да канца года месца будзе працаваць у тэставым рэжыме (і пакуль, хутчэй за ўсё, толькі з кавай і закускамі), але на разведку заглянуць можна ўжо з наступнага тыдня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?