Тварожны сыр стаў трэцяю літоўскай стравай, унесенай Еўракамісіяй у рэгістр ахоўваных прадуктаў мясцовага паходжання. Аднак літоўскі тварожны сыр у Беларусі добра вядомы пад назвай «клінковы» і таксама лічыцца нацыянальнай стравай. Ці паўплывае рашэнне Еўракамісіі на беларускі клінковы сыр і ці ёсць нейкая пагроза для будучыні прадукту? На гэтае пытанне адказвае гісторык, аўтар і ўкладальнік кнігі «Наша страва» Алесь Белы.

«Рашэнне Еўракамісіі паказвае, наколькі больш канцэптуальна развіты рынак харчовых прадуктаў Літвы, што яны на некалькі крокаў наперадзе за Беларусь.

Лёсы клінковага сыру ў Беларусі і тварожнага сыру ў Літве вельмі падобныя. Літоўскі сыр таксама перажыў заняпад, змяншэнне папулярнасці. Аднак літоўцы, у адрозненне ад беларусаў, спрабуюць канцэптуалізаваць тавар, вывесці яго на еўрапейскія рынкі.

«НН»: Унясенне нейкага прадукту ў спіс ахоўных не азначае забарону вырабу аналагічных прадуктаў у іншых месцах: напрыклад, сыр пармезан вырабляюць не толькі ў Парме, але па ўсёй Італіі і ўсім свеце, хоць ён мае іншую назву. Ці можа Беларусь у будучыні зарэгістраваць клінковы сыр у якасці свайго нацыянальнага прадукту?

АБ: Праблема ў тым, што ў Беларусі ніхто гэтым не займаецца. У падобнай сітуацыі мусяць узаемадзейнічаць розныя бакі.

Вытворцы, мусяць раскручваць прадукт, ствараць сапраўдны і якасны брэнд, у якога будзе прыгожы пакунак, якасць якога будзе стабільна высокай, каб і мясцовыя жыхары, і турысты ведалі, што гэты прадукт — мясцовая, нацыянальная цікавостка. Тут вялікая зацікаўленасць вытворцаў, бо адметнасць прадукту павышае яго дададзеную вартасць.

У той жа час дзяржава мусіць займацца юрыдычнымі працэдурамі. Патрэбна спачатку фіксаваць адметнасць прадукту на нацыянальным узроўні. Затым трэба выходзіць на міжнародны ўзровень, ініцыяваць рэгістрацыю адметных прадуктаў у Мытным саюзе, членам якога з’яўляецца Беларусь.

Але нашыя чыноўнікі не разумеюць значнасць такой працы. Бо гэтая праблема не ўваходзіць у шэраг вострых, а вынікі можна будзе заўважыць толькі ў доўгатэрміновай перспектыве. Таму гадоў праз пяць Беларусь рызыкуе застацца без кулінарнай адметнасці — усё цікавае зарэгіструюць суседзі. А нацыянальная кухня ёсць адным з каналаў трансляцыі культурнай спадчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?