«Прыязджаеце ў лясніцтва, вам паказваюць, дзе можна праводзіць нарыхтоўку соку. Гэта бясплатна. Тлумачаць усе правілы, бо калі іх парушыць — будзе штраф. І незалежна ад таго, колькі вам трэба: 100 літраў ці 10 — нарыхтоўваеце бясплатна», — тлумачаць мне, як назапасіць бярозавіку, у Вілейскім лясгасе.

Тут прыгадваюць двух парушальнікаў, якія летась здабывалі сок без папярэджання ляснічага. Штраф — да 1 мільёна рублёў. Але большасць сок усё ж набываюць, бо нядорага — 600–700 рублёў за літр, тлумачаць у лясніцтве.

«Менш праблем: прыехаў у лясніцтва, там усё арганізавана — набыў і паехаў. А каб самому здабываць, гэта час трэба, не ва ўсе месцы можна даехаць».

У мінулым годзе тут прадалі людзям больш за 6 тонаў бярозавіку.

Заводам, якія пасля робяць «доўгатэрміновы» бярозавы сок у папяровых пакунках, прадаюць даражэй — па 900 рублёў за літр. Бо лясгас сам мусіць развазіць ім сыравіну.

Перад тым як патрапіць у краму, сок праходзіць тэрмаапрацоўку, у яго дадаецца цукар, тлумачаць у кампаніі «Савушкін прадукт»:

«Дадаецца паводле рэцэптуры цукар і лімонная кіслата, больш нічога. Вада не дадаецца, а ляжаць ён можа да года.
Але ёсць зараз не чыстыя бярозавыя сокі, а міксы: бярозава-яблычны, бярозава-маркоўны. Апошні год сталі „Махіта“ рабіць на аснове бярозавага соку».

І ўпэўнівае, што свежыя бярозавыя сокі ўжо ёсць у краме з мінулага тыдню.

Бярозавік карысны, бо ў ім шмат мікраэлементаў, асабліва для людзей з хворымі ныркамі, адразу кажа лекар-дыетолаг «Экамедсервіса» Марына Папова:

«Нельга яго збіраць на ўзбочынах дарог, не са старых дрэваў. Лепш за ўсё перад ужываннем яго пастэрызаваць: крыху падаграваць. Супрацьпаказанняў практычна няма. Бо ніхто ж адразу не вып’е два літры соку», — раіць Марына Папова.

Паводле слоў дыетолага, самы карысны бярозавы сок — сабраны з дрэва, а не набыты ў краме. Бо так ён губляе частку сваіх якасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?