Шчучынскі раён: 20-гадовы хлопец на мапедзе трапіў пад нагружаны МАЗ і загінуў

ДТЗ са смяротным вынікам адбылося ў Шчучынскім раёне ўчора каля 13:30. Кіроўца МАЗа, нагружанага збожжам, рухаўся па гравійнай дарозе ў бок вёскі Кірэлі.

16.07.2012 / 13:41

«Праязджаючы ўздоўж засеянага кукурузай поля, ён заўважыў, як з палявой дарогі проста перад ім выехаў малады чалавек на мапедзе „Карпаты“ і працягнуў рухацца ў спадарожным кірунку, — паведамілі ў прэс-службе ДАІ Гродзенскай вобласці. — Ужо праз некалькі секунд адбылася аварыя».

«Малады чалавек (1992 г.н.) праехаў не больш за пяць метраў, мапед пачало насіць з боку ў бок, і ён зваліўся проста перад грузавіком, — расказалі інспектары. — Хлопец упаў пад правае кола. Са шматлікімі траўмамі пацярпелага даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, сёння ноччу ён памёр».

У Дзяржаўтаінспекцыі дадалі, што загінулы ехаў без моташлема. Менш за месяц таму яго ўжо затрымлівалі на мапедзе без правоў. Тады падчас затрымання і разгляду адміністрацыйнага матэрыялу ён абяцаў, што не сядзе больш за руль.