IIHF не пацвярджае, але і не абвяргае

інфармацыю пра тое, што пытанне аб пераносе чэмпіянату свету 2014 ўключана ў парадак дня майскага пасяджэння кангрэса.

12.04.2012 / 19:26

У каментары для БелаПАН дырэктар IIHF па сувязях з грамадскасцю Сайман Шэмберг быў вельмі лаканічны: «Прашу звярнуць увагу на нашу афіцыйную пазіцыю па гэтым пытанні. Яе міжнародная федэрацыя прытрымліваецца на працягу апошняга года і да гэтай хвіліны нічога не змянілася».

У афіцыйнай пазіцыі IIHF гаворыцца наступнае: «Кожны з 70 членаў IIHF будзе мець магчымасць узняць пытанне аб правядзенні чэмпіянату свету ў Беларусі. І калі пытанне будзе ўзнята, рашэнне па ім будзе прымаць кангрэс».

Заявы пра неабходнасць пазбавіць Беларусь права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі сталі з'яўляцца пасля жорсткага разгону 19 снежня 2010 года ў Мінску апазіцыйнага мітынгу нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі змянялася толькі аднойчы: пасля таго як у 1968 годзе Савецкі Саюз акупаваў Чэхаславакію, вясновы чэмпіянат свету 1969 года, які планаваўся ў Празе, быў перанесены ў Стакгольм.