У Мінску каля прыпынкаў пакладуць асфальт, устойлівы да дэфармацый

Гэта прадухіліць «калейнасць» на прыпынках.

16.03.2012 / 16:57

У Мінску каля прыпынкаў звычайны асфальт заменяць асфальтам павышанай дэфармацыйнай устойлівасці, паведаміў на генеральны дырэктар ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Дзяніс Глінскі.

«Сёлета ў нас будзе працаваць праграма па ўхіленні „калейнасці“ на прыпыначных пунктах — там асфальт і бетон будзем замяняць на асфальт павышанай дэфармацыйнай устойлівасці. Практыка паказвае, што гэта паляпшае стан дарогі», — сказаў Глінскі.

Сёлета арганізацыя плануе адрамантаваць у беларускай сталіцы каля 66 тыс. кв. м дарожнага палатна; цяпер адрамантавана 5,5 тыс. кв. м гарадскіх дарог, адзначыў Глінскі.

«На гэты год запланаваны і будзе выкананы капітальны рамонт на 14 вуліцах Мінска, фінансаванне складзе 130 мільярдаў рублёў. Грошы выдзелены, праз тыдзень-два пачнем рамонт. Прыярытэтныя вуліцы — гэта найперш праспекты Пераможцаў і Незалежнасці і каркасныя вуліцы. У кожным раёне ёсць каркасныя вуліцы, на якіх у першую чаргу выконваецца ямачны рамонт і ўборка», — падкрэсліў Глінскі.