Колькі каштуюць новыя аўто ў мінскіх салонах?

Новая «іншамарка» — ад 120 мільёнаў рублёў. Прыблізна за такую ж суму можна набыць дзве расійскія «Лады».

18.09.2011 / 21:35

Lada «Сямёрка» каштуе 6200 долараў, ці 53,4 млн рублёў.

Lada Samara з гарантыяй 3 гады каштуе 7400$, ці 64,1 млн рублёў.

Новы «Kіа Венга» каштуе 19 660$. Ёсць і таннейшая камплектацыя — 17 700 $. Аднак яе дастаўка зойме да 6 месяцаў.

Chery M11 за 17 500$, ці 140 млн рублёў.

13 100 еўра, ці 171,6 млн рублёў. Столькі каштуе «Сітраэн Берлінга».

За 8300 еўра, ці 120 млн рублёй можна набыць «Шэўрале Авеа».

BMW 316 абыдзецца ў 28 тысяч еўра. З дастаўкай давядзецца пачакаць 2,5 месяца.

«Мэрсэдэс» класа «В» ёсць у наяўнасці ў Мінску, цана — 31,5 тысячы еўра.

Самы танны новы аўтамабіль на беларускім рынку — Lada «Сямёрка» — каштуе 6200 долараў, ці 53,4 млн рублёў (курс пераліку ў «беларускія» — 8600). Тэрмін гарантыйнага абслугоўвання складае 2 гады, ці 30 тысяч км прабегу.
Бліжэйшая пастаўка ў Мінск чакаецца пры канцы верасня. У наяўнасці ёсць крыху даражэйшая (7400 $, ці 64,1 млн рублёў) мадэль — Lada Samara з гарантыяй 3 гады/50 тыс. км прабегу.

За 8300 еўра, ці 120 млн рублёй можна набыць «Шэўрале Авеа» базавай камплектацыі (еўра лічаць па 14500). Калі вы заключыце дамову на набыццё аўтамабіля падчас правядзення «Маторшоу», дылеры даюць неблагую зніжку — 10%. Гарантыя на аўто складае 3 гады ці 100 тыс км прабегу, на кузаў — 6 гадоў.

Самае таннае аўто ў салоне «Кітайскія аўтамабілі» — седан Chery M11 за 17 500 $., ці 140 млн рублёў

(курс тут адносна нізкі — 8000). Магчыма частковая аплата ў валюце і рублях. Калі ж вы маеце ўсю суму ў валюце, можаце смела патрабаваць зніжку ад 100 долараў і вышэй. Гарантыя на такі аўтамабіль — 2 гады/60 тыс.км.

Больш танная мадэль гэтага вытворцы — Great Wall Coolbear (кітайскі аналаг Toyota Scion), за 14 600 $ у базавай камплектацыі, прыедзе ў Беларусь на пачатку 2012-га.

Як паведаміла дылерка салону «Кітайскія аўтамабілі», з сакавіка гэтага года продаж аўто павялічыўся. А увядзенне новых мытаў на працу салона не паўплывала.

За новага «француза» давядзецца выкласці 13 100 еўра, ці 171,6 млн рублёў (курс 13 000 рублёў). Столькі каштуе «Сітраэн Берлінга»
— найтаннейшы аўтамабіль салона «Вуацюр дэ Франс». Дастаўку абяцаюць цягам месяца. На зніжку пры аплаце ў валюце не разлічвайце: «Мы і так маем маржу менш за тысячу з аўто», — жаліцца супрацоўнік салона.

Некаторыя салоны, як «Кіа Мотарс», на сённяшні дзень прымаюць аплату выключна ў валюце.

Новы «Kіа Венга» каштуе 19 660 $.
Ёсць і таннейшая камплектацыя — 17 700 $. Аднак яе дастаўка зойме да 6 месяцаў. Гарантыя на аўтамабіль — 5 гадоў/150 тыс. км.

Іншыя аўтасалоны — BMW, Mercedes-Benz, наадварот, аплату ад грамадзян Беларусі бяруць толькі ў рублях. Валютай могуць разлічыцца жыхары Расіі. Таму ў першую чаргу пацікавяцца вашым грамадзянствам.

Пры гэтым цэны на аўто выстаўлены ў еўра, а курса пераліку пакуль што проста…няма. «Пачакайце да заўтра-паслязаўтра, тады стане вядома, што з курсам», паведамілі ў салоне «Аўтаідэя». Прыкладна тое ж мы пачулі ад дылераў «Мэрсэдэса».

Што да цэнаў на гэтыя «элітныя» маркі, то 

BMW 316 (самая танная мадэль) абыдзецца ў 28 тысяч еўра. З дастаўкай давядзецца пачакаць 2,5 месяца.

«Мэрсэдэс» класа «В» ёсць у наяўнасці ў Мінску, цана — 31,5 тысячы еўра. Меншы па памерах і кошце аўтамабіль класа «А» прывозіцца пад заказ цягам 4–5 месяцаў.

Для параўнання, патрыманы «Сітраен Берлінга» (2006 года, 120 тыс.км прабегу) на рынку прапануюць за 9 тысяч долараў. «BMW 316» (2003 г., 210 тыс.км) — 14 950 $, «Мэрсэдэс» клас В (2006 г., 160 тыс.км) — 19 700 $.

Аксана Рудовіч