Спецназ замаўлялі? Плаціце!

Ад удзельнікаў акцыі на памежным пераходзе «Брузгі» патрабуюць аплаціць паслугі спецназа, які іх затрымліваў.

07.07.2011 / 18:52

Ад людзей, якія перакрылі белоруска-польскі памежны пераход «Брузгі» у знак нязгоды з увядзеннем абмежаванняў на вываз паліва з Беларусі, патрабуюць аплаціць паслугі спецназа, а таксама кампенсаваць страты прастою самай мытні.

Асуджаным удзельнікам стыхійнай акцыі, якая прайшла на памежным пераходзе 11 чэрвеня, супрацоўнікі міліцыі накіравалі аплатныя патрабаванні, а ў выпадку іх невыканання абяцаюць спагнаць грошы ў судовым парадку.

— Ад людзей, якіх аштрафавалі, патрабуюць яшчэ і пакрыццё матэрыяльных выдаткаў, як яны пішуць у сваіх позвах. Сталі шукаць хлопцы і знайшлі, за тое, што, нібыта, выклікалі спецназ. Значыць, спецназу няма чым плаціць і яны хочуць з людзей спагнаць. І яшчэ 660 тысяч — для мытні, — распавядае гродзенскі актывіст Мікалай Баўсюк, паведамляе Радыё «Рацыя».