Сямашка: Цана на расійскі газ для Беларусі з 2012 года можа быць зніжана

Ці хаця б прымарожана.

11.02.2011 / 14:05

Пра гэта заявіў сёння першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка на падагульняючай калегіі Міністэрства прамысловасці.

«З 1 студзеня 2012 года, магчыма, цэны на газ будуць крыху „прымарожаны“, а калі будуць прыняты пэўныя падыходы, то, можа, нават удасца і некалькі знізіць цэны», — сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён паведаміў, што ў бліжэйшы час сустракаецца з кіраўніцтвам расійскага «Газпрама» для абмеркавання гэтых пытанняў. «У аўторак мы з Мілерам (кіраўнік „Газпрама“) абмяркуем, якія будуць падыходы, якая будзе формула, як будзе з 2012 года ўтварацца цана», — сказаў першы віцэ-прэм’ер. У сувязі з гэтым, адзначыў ён, з 1 студзеня 2012 года можна чакаць прыпынення або зніжэння росту цэн на газ.