Мая Абромчык збірае сродкі на адвакатаў

+ нумары рахункаў, на якія можна пералічыць грошы для Маі

«Цяпер у мяне ўсё добра. Я дома, у Ганцавічах. Дактары кажуць, што патрэбная паўторная аперацыя».

27.01.2011 / 15:34

Сям’я Маі Абромчык збірае сродкі, каб аплаціць паслугі адвакатаў. Дзяўчына збіраецца даказаць, што дзеянні супрацоўнікаў праваахоўчых органаў у дачыненні да яе былі неправамоцнымі.

Мая Абромчык у шпіталі праз два дні пасля збіцця. Архіўнае фота А.Пілецкага.

«Цяпер у мяне ўсё добра. Я дома, у Ганцавічах. Дактары кажуць, што патрэбная паўторная аперацыя на назе. Мяркую, яна будзе ў лютым. Пакуль невядомая дакладная дата», — расказала Мая карэспандэнту «Нашай Нівы».

З універсітэта Мая пакуль ніякіх папярэджанняў у сувязі з падзеямі 19 снежня не атрымлівала (яна з’яўляецца студэнткай 4 курса гістфаку БДУ): «Ніхто з універсітэта мне не званіў, з выкладчыкамі я таксама не размаўляла. Афіцыйна я на бальнічным».

Нагадаем, што вечарам 19 снежня Мая Абромчык разам са сваімі сябрамі была жорстка збітая у раёне плошчы Незалежнасці. У акцыі пратэсту яна не ўдзельнічала, аднак гэта не спыніла спецназаўца, які біў дзяўчыну спачатку дубінкай, а потым нагамі. Пасля збіцця Мая не магла самастойна ісці ў аўтазак. Выявілася, што ў дзяўчыны зламаная нага.

Тым часам у выпісцы са шпіталя дактары 6 Клінічнага шпіталя Мінска пазначылі, што Мая атрымала «бытавую траўму», а скаргу на дзеянні спецназаўца далучылі да справы «аб масавых беспарадках». Па словах маці Маі, Галіны, скаргу з раённай пракуратуры перанакіравалі ў аддзел міліцыі. Бацькі Маі звяртаюцца да тых, хто быў сведкамі збіцця дзяўчыны і яе сяброў, і хто можа пацвердзіць гэта ў судзе, звязацца з імі.

Падаем нумары рахункаў, на якія можна пералічыць сродкі для Маі:

Рахункі ў беларускіх рублях: Філіял № 510 ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Мінск Асабовы рахунак № 000052, 9004-Р / Дабрачынны рахунак BYR (0510/0132) Абромчык Мая Генадзьеўна.

Валютныя рахункі: Філіял № 510 ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Мінск Асабовы рахунак № 000373, 9000-Р / Дабрачынны рахунак USD (0510/0132) Абромчык Мая Генадзьеўна Філіял № 510 ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Мінск Асабовы рахунак № 000036, 9005-Р Дабрачынны рахунак EUR (0510/0132) Абромчык Мая Генадзьеўна

Алесь Пілецкі