У варыянце рэзалюцыі еўрадэпутаты заклікаюць Беларусь правесці перавыбары
Таксама Еўрапейская народная партыя заклікае замарозіць маёмасць «Белтэхэкспарта» і іншых экспарцёраў узбраення.
18.01.2011 / 21:19
Таксама Еўрапейская народная партыя заклікае органы Еўрасаюза спыніць усю фінансавую падтрымку Беларусі і ўдзел ва Усходнім партнёрстве, замарозіць маёмасць «Белтэхэкспарта» і іншых экспарцёраў узбраення і ваеннай тэхнікі.
Самая вялікая палітычная група Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя (ЕНП) — прадставіла свой, беспрэцэдэнтна жорсткі, варыянт рэзалюцыі па Беларусі. З улікам тэкстаў іншых палітычных груп еўрапарламентарыі прымуць узгоднены дакумент 20 студзеня.
Варыянт рэзалюцыі ад дэпутатаў Еўрапейскай народнай партыі заклікае Савет Міністраў ЕС, Еўракамісію і Высокага прадстаўніка ЕС па замежнай палітыцы, сярод іншага:
— Замарозіць усю макрафінансавую дапамогу ў выглядзе крэдытаў ад МВФ, а таксама праграмаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка развіцця і рэканструкцыі;
— Замарозіць удзел Беларусі ва Ўсходнім Партнёрстве да станоўчых зменаў, «пачынаючы з безумоўнага вызвалення прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі»;
— Перагледзець палітыку ЕС да Беларусі ўключна з эканамічнымі адносінамі, падтрымаць развіццё дэмакратыі праз павялічэнне фінансавай падтрымкі незалежным СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасці, колькасці стыпендый для выключаных беларускіх студэнтаў, працягнуць падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта;
— Абмежаваць кантакты з беларускімі ўладамі да «абсалютнага мінімуму»;
— Неадкладна вярнуць візавыя забароны для беларускіх чыноўнікаў, уключна з прадстаўнікамі судоў і спецлужбаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў і паслявыбарныя рэпрэсіі ды арышты сябраў апазіцыі;
— Замарозіць маёмасць «Белтэхэкспарта» і іншых беларускіх экспарцёраў узбраення і ваеннай тэхнікі;
— Паскорыць працу ў сферы аблягчэння візавага рэжыму і рэадмісіі, з тым каб аблегчыць кантакты паміж людзьмі.
Апрача таго, варыянт рэзалюцыі ад ЕНП:
— Асуджае арышты і затрыманні больш за 700 дэманстрантаў і 7 з 9 кандыдатаў, запужванне грамадзянскай супольнасці праз масавыя ператрусы ў прыватных кватэрах, офісах СМІ і няўрадавых арганізацыях, ужыванне брутальнай сілы з боку міліцыі і супрацоўнікаў спецслужбаў да дэманстрантаў, а ў асаблівасці выражае «сваё абурэнне брутальнай атакай на Някляева»;
— Асуджае абмежаванне доступу адвакатаў да зняволеных і непрадстаўленне зняволеным медыцынскай дапамогі;
— Запрашае міжнародных партнёраў ЕС заняць падобную пазіцыю да беларускага рэжыму і заклікае далучыцца да стварэння міжнароднай камісіі па аб’ектыўным і дэталёвым расследаванні падзеяў 19–20 снежня;
— Выражае меркаванне, што спартовыя мерапрыемствы кшталту Чэмпіянату свету па
— Заклікае Еўракамісію скасаваць дапамогу дзяржаўным СМІ Беларусі.
У сваім варыянце рэзалюцыі Еўрапейская народная партыя заклікае беларускія ўлады правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары У дакуменце прыводзяцца вытрымкі з папярэдняга заключэння назіральніцкай місіі АБСЕ, паводле якіх працэс падліку галасоў «значна пагоршыў агульны працэс галасавання».
Там, сярод іншага адзначаецца: «У шматлікіх выпадках назіральнікі былі абмежаваныя і не мелі магчымасці назіраць за падлікам. У некаторых выпадках лічбы, запісаныя ў выніковых пратаколах выбарчых участкаў, адрозніваліся па прыбыцці ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі».
Свае варыянты рэзалюцыі па Беларусі прапануюць і іншыя палітычныя групы Еўрапейскага парламента: сацыялістаў ды лібералаў.
Прадстаўленыя імі варыянты таксама даволі жорсткія, большасць пунктаў супадаюць з меркаваннем Еўрапейскай народнай партыі. 20 студзеня Еўрапарламент прагаласуе па ўзгодненым усімі палітычнымі групамі дакуменце.