Вызначаны спецімпарцёры рыбы і морапрадуктаў на 2011 год

17.01.2011 / 14:06

Міжведамасная камісія па правядзенні конкурсаў на вызначэнне юрыдычных асоб, якія забяспечваюць рэалізацыю выключнага права дзяржавы на ажыццяўленне імпарту прэснаводнай рыбы, прадуктаў перапрацоўкі рыбы і морапрадуктаў, вызначыла пералік спецімпарцёраў.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Міністэрстве гандлю.

У пералік увайшло 25 юрасоб рознай формы ўласнасці.

Сярод іх — КУП «Гомельскі рыбакомплекс», ААТ «Гроднарыба», ААТ «Брэсцкая абласная база «Бакалея», ДП «Магілёўскі рыбакомплекс», ТАА «Еўрагандаль», ААТ «Мінскбакалеягандаль», ПУП «Белкаапгандаль», ДП «Мінскрыбпрам», ДП «Белрыба», СП «Санта Брэмар» ТАА, УП «Мінскі холадакамбінат № 1», СТАА «Арвітфуд» (Мінск) і інш.

Нагадаем, у красавіку 2010 года ўказам прэзідэнта былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў правілы рэгулявання рыбнага рынку. Так, функцыя перададзена ад Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання. Пакінута выключнае права дзяржавы на імпарт прэснаводнай рыбы, прадукты перапрацоўкі рыбы і морапрадуктаў. Іх імпартам займаюцца юрыдычныя асобы, якія перамаглі на конкурсе. Марскую свежамарожаную рыбу цяпер змогуць імпартаваць любыя юрыдычныя асобы без правядзення конкурсу.