На канцэрце Усебеларускага сходу Анжаліка Агурбаш выканала песню Някляева

+ відэа

«Белае віно і чырвонае — кожнаму сваё».

08.12.2010 / 17:57

Песня Уладзіміра Някляева «Белае віно і чырвонае» у выкананні Анжалікі Агурбаш стала фінальным акордам IV усебеларускага сходу. Някляеў такі прарваўся на сход!

— Адно магу сказаць: «Малайчына, Ліка!» — пахваліў Уладзімір Някляеў Анжаліку Агурбаш.

Як сказаў кандыдат у прэзідэнты, ён нават не сумняваецца, што

выбар спявачкі на гэтую песню для такога мерапрыемстве быў цалкам свядомы.

— У «несвядомасць» тут не згуляеш. Яна — дзяўчынка дарослая. Як-ніяк, маці не аднаго дзіцяці, — сказаў на заканчэнне паэт.

Паводле Някляева, у гэтай песні можна знайсці і схаваны сэнс: белыя і чырвоныя колеры заўсёды былі асаблівасцю беларускіх нацыянальных сімвалаў.

— У песні спяваецца:

«Белае віно і чырвонае — кожнаму сваё», — нагадаў Някляеў.

Як вядома, гэтую песню Анжаліка Агурбаш выконвае ўжо 17 гадоў. З яе яна пачынала сваю кар’еру яшчэ ў «Верасах». Ці быў выбар на кампазіцыю Уладзіміра Някляева выпадкова ці ж гэта быў свядомы крок спявачкі, у самой Анжалікі Агурбаш высветліць не ўдалося.

А Уладзіміра Някляева можна толькі павіншаваць: нягледзячы на ўсе перашкоды, яму ўсё такі атрымалася прарвацца на Усебеларускі сход.

— Цяпер я магу смела сказаць, што я быў там і выступіў, — сказаў на заканчэнне кандыдат.