За Лукашэнку здалі 1 млн 123 тыс. 581 подпіс
29.10.2010 / 15:18
За дзень да заканчэння тэрміну здачы падпісных лістоў больш за 100 тысяч подпісаў у тэрытарыяльныя камісіі перадала толькі ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі.
Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.
Паводле яго слоў, астатнія прэтэндэнты, верагодна, вырашылі перадаваць у тэрытарыяльныя камісіі сабраныя подпісы ў апошні дзень.
Лазавік паведаміў, што ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнкі ў тэрытарыяльныя камісіі перададзены 1 млн. 123 тыс. 581 подпіс.
«Ініцыятыўная група Лукашэнкі 22 кастрычніка арганізавана здала падпісныя лісты і практычна спыніла збор подпісаў. На гэтым тыдні подпісы яны не здавалі. Перадвыбарны штаб вырашыў дадаткова не азадачваць ініцыятыўную групу, бо заданне значна перавыканана. Хоць члены ініцыятыўнай групы могуць праявіць самастойнасць і ініцыятыву і здаць яшчэ подпісы», — паведаміў Лазавік.
Паводле слоў сакратара Цэнтральнай камісіі,
«калі арыентавацца па тэмпах здачы подпісаў, то прэтэндуе на выкананне задачы Саннікаў, Някляеў і Раманчук».
Паводле звестак на 28 кастрычніка, за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты лідара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава ў тэрытарыяльныя камісіі было перададзена амаль 100 тысяч подпісаў, за лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева — каля 95 тысяч, за намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука — каля 80 тысяч.
«Ініцыятыўныя групы, якія складаюцца з добрасумленна працуючых прыхільнікаў патэнцыяльных кандыдатаў сёння могуць атрымаць здавальняючую інфармацыю, што іх праца прывяла да жаданага выніку», — сказаў Лазавік.
Нагадаем, заяўлялася, што неабходныя сто тысяч подпісаў сабралі 11 ініцыятыўных груп.
Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі завершаць прыём падпісных лістоў 29 кастрычніка ў 19.00.