Міністры фінансаў «вялікай дваццаткі» дамовіліся пра рэформу МВФ

25.10.2010 / 15:18

Міністры фінансаў краін «вялікай дваццаткі» дасягнулі пагаднення аб рэформе Міжнароднага валютнага фонду.

Міністры фінансаў краін «вялікай дваццаткі» пагадзіліся аддаць два месцы ў выканаўчай радзе МВФ краінам, якія развіваюцца. Кіраўнік МВФ Дамінік Строс-Кан сказаў журналістам, што гэтая рэформа стане найбуйнейшай у гісторыі фонда.

Па дадзеных агенцтва Reuters, лік чальцоў выканаўчай рады не павялічыцца — іх па-ранейшаму застанецца 24. Два месцы прадстаўнікам краін, якія развіваюцца, будуць выдзеленыя за кошт еўрапейскіх дзяржаваў, якія да гэтага часу маглі распараджацца васьмю-дзевяццю месцамі.

Сустрэча міністраў фінансаў краін «вялікай дваццаткі» праходзіць у паўднёвакарэйскім горадзе Кенджу. Гэтае мерапрыемства з’яўляецца падрыхтоўкай да сустрэчы чальцоў «дваццаткі» на найвышэйшым узроўні, якая пройдзе ў Сеуле ў лістападзе.