Лукашэнка абавязаў кіраўнікоў аблвыканкамаў сустракацца з журналістамі раз на квартал

15.10.2010 / 16:59

І адмяніў штогадовы конкурс на лепшы артыкул аб праблемах дзяржаўнага будаўніцтва.

Указам кіраўніка дзяржавы ад 29 верасня № 254 унесены змены ва ўказ кіраўніка дзяржавы «Аб дзейнасці інфармацыйна-прапагандысцкіх груп і аб удзеле кіраўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый у ідэалагічнай рабоце».

Паводле дакумента, старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама абавязалі «не радзей за адзін раз на квартал праводзіць прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі».

У папярэдняй рэдакцыі ўказа яны былі павінны толькі «выступаць у дзяржаўных рэспубліканскіх і мясцовых сродках масавай інфармацыі з паведамленнем пра дзейнасць узначаленых імі дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганзацый» — таксама не радзей чым раз на квартал.

Акрамя таго, у апошняй рэдакцыі ўказа няма згадкі пра «штогадовы рэспубліканскі конкурс на лепшы артыкул аб праблемах дзяржаўнага будаўніцтва сярод кіраўнікоў рэспубліканскага, абласнога, гарадскога і раённага ўзроўняў».