Ярмошына: Пытанне аб пераглядзе вынікаў выбараў-2006 не абмяркоўваецца

14.10.2010 / 15:23

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына не бачыць падстаў для перагляду вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Пра гэта яна заявіла 14 кастрычніка, каментуючы журналістам меркаванне вядомага блогера Яўгенія Ліпковіча.

Ліпковіч у сваім інтэрнэт-дзённіку пытаецца: ці павінен Аляксандр Лукашэнка «несці адказнасць за падачу несапраўдных звестак у дэкларацыі аб даходах за 2005 год»? У прыватнасці, піша ён,

у дэкларацыі Лукашэнкі былі ўказаны звесткі аб двух сынах, у той час як у кіраўніка дзяржавы тры сыны.

«Гэта не з’яўляецца падставай для перагляду ці анулявання вынікаў выбараў», — заявіла Ярмошына. Дзеянні Ліпковіча яна расцаніла як «звычайную спробу „прапіярыцца“ за кошт медыйнай асобы, цікавай персоны».

Пытанне пра перагляд вынікаў выбараў 2006 года «не падлягае абмеркаванню», падкрэсліла кіраўнік ЦВК.