У Брэсце — лакаўт: звольнілі каля 120 кандуктараў аўтобусаў

07.10.2010 / 13:38

Прычым штат кандуктараў расфарміроўваецца ўжо другі раз цягам дзесяці гадоў.

Дырэктар аўтапарка Павел Багнюк прызнаў, што колькасць кандуктараў зменшылася з 150 да 36 чалавек, і абгрунтаваў прычыну.

«Эканоміка цяпер жорсткая і змушае прымаць непапулярныя рашэнні. Ёсць два варыянты. Першы — як у Пінскім аўтобусным парку: там больш за 200 кандуктараў, і няма кантралёраў. Уявіце, колькі грошай трэба плаціць людзям штомесяц! І ў Баранавічах — там зусім няма кандуктараў, адно 60 кантралёраў. Выручка прыблізна роўная, але там у штаце 270 чалавек, а там — 60».

Звольненыя кандуктары ўсе атрымалі прапановы працаўладкавання (пераважна ў кантрольнай службе), але шмат хто не захацеў скарыстацца імі. «Кандуктарам працаваць не мёд, а кантралёрам яшчэ горш», — патлумачыў дырэктар.

Дарэчы, па звестках з гарадскога Цэнтра занятасці, у іх рэгістраваліся з пачатку года 37 звольненых кандуктараў. Сёння на ўліку засталося 11 чалавек.