Рада дырэктараў СБ ухваліла пазыку Беларусі

29.09.2010 / 12:41

Рада выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка ўхваліла дадатковую пазыку для Беларусі ў 30 млн. долараў на фінансаванне праекта "Рэабілітацыя раёнаў, пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС".

Пра гэта паведамілі ў прадстаўніцтве Сусветнага банка ў Беларусі.

Рэалізацыя праекта прадугледжвае аказанне якасных паслуг па ацяпленні і гарачым водазабеспячэнні жыхарам раёнаў, пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС.

Тэрмін пагашэння пазыкі Сусветнага банка складае 15 гадоў, уключаючы адтэрміноўку выплаты на тры гады. Праект, які фінансуецца за кошт сродкаў новай пазыкі, плануецца рэалізаваць у 2011—2013 гадах.

У межах праекта фінансуюцца мерапрыемствы па павышэнні энергаэфектыўнасці, уключаючы замену вокнаў і арганізацыю энергаэфектыўнага асвятлення ў грамадскіх будынках, рамонт кацельняў, а таксама перавод кацельняў у міні-ЦЭЦ з камбінаванай выпрацоўкай цеплавой і электрычнай энергіі. За кошт сродкаў праекта таксама будзе ажыццяўляцца падключэнне індывідуальных дамоў да газавых сетак.

У беларускім прадстаўніцтве Сусветнага банка адзначылі, што дадатковая пазыка забяспечыць правядзенне большай колькасці мер, аналагічных тым, што рэалізаваны ў рамках першапачатковай пазыкі ў 50 млн. долараў ЗША, ухваленай у 2006 годзе.

За час асваення сродкаў, атрыманых ад Сусветнага банка, было ўдасканалена асвятленне, ацяпленне, заменены вокны і дзверы ў 205 школах; 2.920 жылых дамоў былі падключаны да сістэмы газазабеспячэння.

Кіраўнік праектнай групы Сусветнага банка Пека Салмінен нядаўна наведаў раёны Беларусі, дзе рэалізоўваўся праект.

"Мы бачылі пераабсталяваныя ў межах праекта школы і жылыя дамы, мы размаўлялі з непасрэднымі атрымальнікамі паслуг. Тэмпература ў зімовы час у пераабсталяванай школе павысілася з 14 градусаў паводле Цэльсію ў 2005 годзе да 20 градусаў у 2009-м. Пасля замены свяцільняў і асвятляльнай апаратуры больш не трэба хвалявацца аб залішняй нагрузцы на вочы дзяцей падчас урокаў", — адзначае Салмінен.

Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. Агульная сума пазык, выдзеленых Сусветным банкам для фінансавання 11 праектаў на тэрыторыі Беларусі, складае 719 млн. долараў. Зараз Беларусь атрымлівае ад Сусветнага банка фінансаванне па шасці інфраструктурных праектах.