Асцярожна, з'явіліся фальшывыя білеты на канцэрт Стынга

Канцэрт Стынга прыцягнуў увагу ашуканцаў.

16.08.2010 / 13:42

Канцэрт Стынга прыцягнуў увагу не толькі меламанаў, але і ашуканцаў. 12 жніўня з Гродна паступіла інфармацыя аб тым, што ў горадзе рэалізуюцца фальшывыя квіткі на канцэрт Стынга наміналам 350 тысяч рублёў.

Супрацоўнікі гарадзенскага АБЭЗ пачалі расследаванне па факце рэалізацыі фальшывак і крыніцы іх паходжання.

Арганізатары канцэрту просяць пакупнікоў звяртаць увагу
на тое, што сапраўдныя білеты на канцэрт Стынга надрукаваныя на бланках Дзяржаўнай відовішчавай установы «Беларускі дзяржаўны цырк» і ўтрымліваюць вадзяныя знакі, а таксама серыю і нумар. Да кожнага білета на шоў «Сімфанісіці», якое адбудзецца ў «Мінск-Арэне» 18 верасня, прымацаваны падбілетнік са штрых-кодам для праходу праз турнікеты «Мінск-Арэны». Электронныя білеты сістэмы Ticketpro таксама надрукаваныя на абароненых бланках і ўтрымліваюць унікальны шаснаццацізначны код.
Арганізатары канцэрту настойліва рэкамендуюць купляць білеты толькі ў афіцыйных распаўсюднікаў, у тэатральна-відовішчавых касах, у офісе арганізатара альбо на сайце ticketpro.by.

Дадатковая інфармацыя: (029) 763-11-11 (МТС), 650-11-1933 (Velcom), www.allstars.by.