У ПАР аўтобус з паломнікамі зваліўся з моста вышынёй 50 метраў: загінулі 45 чалавек, выжыла толькі васьмігадовая дзяўчынка

Людзі ехалі на велікодную службу.

29.03.2024 / 16:07

Фота: Themba Hadebe / AP

У паўднёваафрыканскай правінцыі Лімпапо адбылася аўтакатастрофа, у выніку якой загінулі 45 чалавек: з моста зваліўся аўтобус з паломнікамі, якія накіроўваліся з Батсваны на велікодную службу ў горад Морыя, піша Бі-бі-сі.

Як мяркуецца, кіроўца страціў кіраванне, і аўтобус урэзаўся ў агароджу, праламаў яе і ўпаў у цясніну з вышыні блізу 50 метраў.

Гэта адбылося на горным перавале прыкладна за 300 км на поўнач ад Ёханесбурга.

Выжыла толькі васьмігадовая дзяўчынка. Яна атрымала сур'ёзныя траўмы, але знаходзіцца ў стабільным стане.

«Мы мяркуем, што ў момант, калі аўтобус сутыкнуўся з бар'ерам на мосце, дзяўчынку выкінула з аўтобуса, і таму яна змагла выжыць», — сказаў Бі-бі-сі афіцыйны прадстаўнік паўднёваафрыканскага Міністэрства транспарту Солін Мсібі.

Пасля катастрофы пачалася выратавальная аперацыя, якая працягвалася да раніцы пятніцы. З цясніны дасталі целы загінулых, аднак толькі дзевяць з іх удалося ідэнтыфікаваць. Паколькі ў выніку сутыкнення аўтобус загарэўся, парэшткі многіх ахвяр катастрофы былі пашкоджаныя.

Міністр транспарту Сіндысівэ Чыкунга распавёў, што дарога, з якой упаў аўтобус, адрозніваецца мноствам «стромкіх паваротаў, вельмі вострых вуглоў».

«Я б ніколі не раіў выкарыстоўваць гэтую дарогу кіроўцам вялікіх транспартных сродкаў, такіх як аўтобусы ці грузавыя машыны», — кажа міністр.

Nashaniva.com