Пасол Дзмітрый Круты прапануе караць прадпрыемствы, якія недастаткова экспартуюць у Расію

Пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты запатрабаваў прадставіць прапановы па пакаранні прадпрыемстваў, якія адстаюць ад планавых тэмпаў росту экспарту беларускіх тавараў у Расію. Ён лічыць вінаватымі маркетынгавыя службы гэтых кампаній.

29.03.2024 / 12:08

Пра гэта пасол заявіў падчас праведзенай 28 сакавіка відэаканферэнцыі ўдзельнікаў рабочай групы, якую ён узначальвае, піша «Камерсант». У прэс-рэлізе амбасады сказана, што

размова «атрымалася жорсткай, асабліва для дзяржаўных органаў і арганізацый, якія дапусцілі зніжэнне тэмпаў росту экспарту ў студзені-лютым 2024 года».

У дыппрадстаўніцтве ўдакладнілі, што на зніжэнне тэмпаў экспартных паставак уплывае паслабленне курсу расійскага рубля.

«Тлумачце па канкрэтных прадпрыемствах, якія дапусцілі такое невыкананне [прагнозных паказчыкаў па экспарце]. І адразу прапануйце меры, якія будзем выносіць потым, напэўна, на ўзровень урада па выніках першага квартала… Я буду ўносіць прапановы па пакаранні членаў працоўнай групы нашай [па маніторынгу паставак у РФ], а вы, у сваю чаргу, да гэтага будзеце ўносіць мне прапановы па пакаранні, у першую чаргу маркетынгавых службаў, намеснікаў па маркетынгу канкрэтных прадпрыемстваў», — сказаў Круты.

У кастрычніку 2023 года Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць камісію па кантролі за экспартам у Расію, яе ўзначаліў Дзмітрый Круты. Лукашэнка таксама распарадзіўся вызначыць асноўныя пазіцыі беларускага экспарту ў Расію і маніторыць іх. У студзені 2024-га па выніках тэлефоннай размовы з ім Уладзімір Пуцін паведаміў, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі са студзеня па кастрычнік 2023 года склаў $42,5 млрд. У лютым беларускі пасол паведаміў, што па выніках мінулага года экспарт у Расію вырас на 9,1%, да рэкордных $25 млрд.

Nashaniva.com