Польшча падымала ў неба авіяцыю з-за начной атакі Расіі на Украіну

Уначы Украіна была падвергнута масіраванай атацы беспілотнікаў і ракетаў.

29.03.2024 / 07:59

У ноч на 29 сакавіка аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы падняло ў паветра сваю авіяцыю і авіяцыю саюзнікаў з-за ракетнага ўдару Расіі па тэрыторыі Украіны.

Польскія вайскоўцы папярэдзілі сваіх грамадзян, што польскія самалёты і самалёты саюзнікаў лётаюць у паветранай прасторы Польшчы, што можа выклікаць шум у паўднёва-ўсходняй частцы краіны.

«Сёння ўначы назіраецца інтэнсіўная дзейнасць далёкай авіяцыі Расейскай Федэрацыі, звязаная з нанясеннем ракетных удараў па аб'ектах, размешчаных на тэрыторыі Украіны.

Пачатыя ўсе неабходныя працэдуры для бяспекі паветранай прасторы Польшчы», — гаварылася ў паведамленні Польскага аператыўнага камандавання.

А 22-й гадзіне пра пагрозу ўдарных БпЛА паведамілі ў Кіеўскай вобласці. «Шахеды» ляцелі на Чарнігаўшчыну, Кіраваградчыну, Чаркасы, Вініцкую і Днепрапятроўскую вобласці.

Балістычныя ракеты былі запушчаныя з Крыма.

Пасля ракетнага ўдару ў Дняпры пачаліся перабоі з электрычнасцю. Адзначаліся выбухі ў Крамянчугу.

Крылатыя ракеты, выпушчаныя расійскімі стратэгічнымі бамбавікамі, былі і наж заходнімі абласцямі Украіны.

Nashaniva.com