У Мазыры шукаюць расійскага вайскоўца, які скраў арэндны аўтамабіль

Як гаворыцца ў сюжэце гарадскога тэлеканала ад 27 сакавіка, яшчэ восенню 2023 года жыхар Расіі арандаваў на месяц Volkswagen Polo. Пасля таго, як дамова скончылася, выявілася, што хлопец знік разам з машынай, заўважыў «Флагшток».

28.03.2024 / 16:52

Скрыншот відэа ТРК «Мазыр»

Паводле версіі міліцыі, 27-гадовы ўраджэнец Валгаградскай вобласці Расіі Мікалай Радзівонаў на арандаваным аўто выехаў у Расійскую Федэрацыю. Крымінальную справу на яго завялі не па факце ўгону, а за махлярства ў асабліва буйным памеры: машына каштуе больш за 44 тысячы рублёў (звыш 13 тысяч даляраў).

Міліцыя апублікавала пашпартныя звесткі падазраванага і звярнулася да тых, хто што-небудзь ведае пра месцазнаходжанне расейца.

Радзівонаў на старонцы сябра ў 2017 годзе. Фота: старонка ў «Вконтакте»

«Флагштоку» ўдалося даведацца, што гавораць пра гэта здарэнне ў Мазыры.

«Расеец нёс службу на вайсковым аэрадроме Бокаў. У Мазыры пазнаёміўся з мясцовай жыхаркай, яна зацяжарыла. Вырашылі з'ехаць у Расію. Перад гэтым узяў у арэнду аўто. Машыну, напэўна, ужо па запчастках прадаў».

Радзівонаў знаходзіўся ў Беларусі ў складзе расійскіх падраздзяленняў на аэрадроме ў Бокаве, якія з'явіліся пасля расійскага ўварвання ва Украіну. Ён мог служыць у якасці кантрактніка ў 1530-м зенітна-ракетным палку або ў забеспячэнні аэрадрома ў 36-м асобнай Лазоўскай мотастралковай брыгадзе. 

Чытайце таксама:

З'явілася ВІДЭА перамяшчэння вайсковай тэхнікі і ракетнага абсталявання каля аэрадрома ў Зябраўцы

«Ідзе вайна, а нашы з пісталецікамі і флікерамі». Як беларуская мяжа выглядала ў першыя месяцы расійскага ўварвання ва Украіну

У Жлобіне на падворках ставяць расійскія сцягі. Мясцовыя сілавікі гэта толькі вітаюць

У некралогу расійскага прапаршчыка ўсплылі падрабязнасці працы ў Гомелі вайсковых медыкаў РФ у пачатку вайны

Nashaniva.com