«Катоў прапаноўвалі ўтапіць або ўсыпіць бясплатна». Як мінчукі ратавалі катоў цэлай вуліцай

Святлана жыве ў Мінску. Яна і іншыя жыхары дома на вуліцы Чурлёніса сутыкнуліся з праблемай, добра знаёмай жыхарам вялікага горада: бяздомныя жывёлы. Каты аблюбавалі падземны паркінг — лавілі тут мышэй, а спалі на прыпаркаваных аўто, піша Onliner.

28.03.2024 / 13:19

— Шкло, капот, дах аўто былі ў слядах каціных лап. У асобных кутках паркінга несла каціным пахам — у жывёл ёсць звычка пазначаць тэрыторыю. Што самае непрыемнае — гэта кацяняты, якіх кошка хавала ў зацішныя месцы паркінга або пад капот аўто.

Нядзіўна, што жыхары дома ставіліся да жывёл па-рознаму: ад любові да нянавісці і злосці.

— Мой аўтамабіль катам таксама спадабаўся: калі яго прыгравала сонца, на машыне жывёлам асабліва добра спалася. Неяк на капоце я нават заўважыла драпіны, не буду сцвярджаць, што гэта зрабілі жывёлы — страхоўка ўсё кампенсавала, але асадак застаўся.

Я звярнулася ў праўленне паркінга, апрацоўвала месца для аўто сродкамі, якія не падабаюцца кошкам. Мякка кажучы, сітуацыя з жывёламі вельмі напружвала.

Але аднойчы маё стаўленне да насельнікаў паркінга змянілася.

Справа была так: неяк позняй восенню Святлана вярталася дадому. Машыну мінчанка пакінула на паркінгу. І тут жанчына пачула пранізлівае мяўканне. Да яе падбеглі кацяняты, якія «праводзілі» да самага выхаду, — у іх паводзінах жанчына ўбачыла надзею на выратаванне.

Святлана вырашыла неяк дапамагчы: зрабіла фота жывёл і скінула ў чаты дома і паркінга — маўляў, вазьміце, хто гатовы.

— Хутка з'явілася скрынка з цёплымі рэчамі, куды паклалі кацянят. Бліжэй да вечара адгукнулася дзяўчына з нашага дома, якая кантактуе з валанцёрамі. Разам з суседкай мы перадалі ёй скрынку з кацянятамі. І тут пачалася сапраўдная эстафета дабра. У першы ж дзень забралі адно кацяня, двух іншых таксама ўдалося прыстроіць. Дарэчы, адно кацяня засталося ў дзяўчыны, якая спачатку прытуліла ўсю кампанію. У чат дома закінулі кліч, суседзі і «паркоўка « актыўна дапамагалі кормам, пераводзілі грошы за паслугі ветэрынара.

Кацянятам удалося дапамагчы, а вось дарослыя каты так і заставаліся жыць на паркінгу. Жывёлы працягвалі спаць на аўто, а яшчэ зноў і зноў павялічвалі папуляцыю. Святлана вырашыла дапамагчы і ім, хоць досведу валанцёрства ў жанчыны не было. Спярша жывёл трэба было праверыць у ветэрынара, бо ў здаровых катоў больш шанцаў знайсці дом.

— Каля сваёй машыны я паставіла кардонны домік. Іцуд, кот асвоіў новую жылплошчу і цяпер спаў тут, а не на аўто. Потым я знайшла каталоўку, велізарную клетку для часовага ўтрымання, пераноску. Злавіла першага ката: яго кастрыраваў, а пасля аперацыі я знайшла платную ператрымку. Праз дзень трапляецца такі ж кот, з якім праходзім тыя ж этапы. У выніку яго ўдалося прыстроіць з дапамогай валанцёраў у вёску Брэсцкай вобласці — ён стаў улюбёнцам адзінокай бабулі.

Усяго ўдалося дапамагчы пяцярым жывёлам. Адзін з выратаваных катоў усё яшчэ шукае дом. Святлана кажа, што ён цалкам здаровы і нават прышчэплены. Новаму гаспадару жывёла дастанецца з пасагам — драўлянай хаткай.

Па словах чытачкі, выратаванне бяздомных катоў — занятак праблемны і, вядома, патрабуе матэрыяльных выдаткаў.

Сумарна клопат пра катоў пацягнуў на 1100 рублёў: частку рахункаў Святлана аплачвала сама, а потым кінула кліч сярод жыхароў дома і многія падключыліся. Мінчанка зусім не шкадуе, што ўпісалася ў гэтую гісторыю: удалося і жывёлам дапамагчы, і пазнаёміцца з аднадумцамі.

Гісторыяй жанчына вырашыла падзяліцца ў якасці прыкладу згуртаванасці: агульнымі намаганнямі можна зрабіць многае. Праўда, былі і тыя, хто раіў катоў усыпіць або ўтапіць, так што даводзілася і паспрачацца.

— Каты і кошкі — гэта хатнія жывёлы, якім патрэбен гаспадар. Жывёлы па сваёй прыродзе пладзяцца бескантрольна. Адлоў і ўсыпленне — не выйсце, хацелася б, каб быў прыняты закон аб стэрылізацыі бяздомных жывёл, — разважае мінчанка. — Як паказвае жыццё, агульнымі намаганнямі ўсё магчыма.

Я вельмі ўдзячная жыхарам нашага 24-га і суседніх дамоў №16, 18, 20, 22, 26 на вуліцы Чурлёніса, кіраўніцтву паркінга і аўтаўладальнікам, сваім выдатным суседкам за дапамогу і ўдзел.

Nashaniva.com