ААН: Расійскія вайскоўцы забілі ўзімку мінімум 32 украінскіх ваеннапалонных

Назіральнікі распавялі, што правялі інтэрв'ю з 60 украінцамі, якія вярнуліся з расійскага палону, і ўсе яны казалі пра катаванні, якія ўжываюцца да іх.

27.03.2024 / 13:55

Забойства год таму украінскага вайскоўца, грамадзяніна Малдовы Аляксандра Маціеўскага атрымала вялікі рэзананс. Фота: Укрінформ

Расійскія вайскоўцы забілі мінімум 32 украінскіх палонных у перыяд са снежня 2023 года да лютага 2024 года, вынікае з дакладу маніторынгавай місіі ААН у правах чалавека ва Украіне (ММПЧУ), піша «Новая газета Еўропа».

Назіральнікі распавялі, што правялі інтэрв'ю з 60 украінцамі, якія вярнуліся з расейскага палону, і ўсе яны казалі пра катаванні, якія ўжываюцца да іх.

«Амаль кожны з апытаных намі ўкраінскіх ваеннапалонных апісваў, як расійскія вайскоўцы або службовыя асобы катавалі іх падчас палону, ужываючы неаднаразовыя збіцці, электрашок, пагрозы расстрэлу, доўгае стрэсавае становішча і інсцэніроўку пакарання. Больш за палову з іх падвергліся сэксуальнаму гвалту», — сказаў кіраўнік ММПЧУ Даніэль Бэл.

Ён дадаў, што многім палонным таксама не давалі пагутарыць з роднымі і блізкімі, а таксама не забяспечвалі дастатковым харчаваннем і лекамі.

Як сцвярджаюць у ММПЧУ, пакаранні смерцю 32 украінскіх палонных у 12 асобных інцыдэнтах былі пацверджаныя і задакументаваныя. Назіральнікі незалежна праверылі тры такія інцыдэнты.

У прыватнасці эксперты ААН сцвярджаюць, што адзін з расійскіх вайскоўцаў у сяле Рабоціна Запарожскай вобласці спачатку стрэліў палоннаму УСУ ў нагу, а затым забіў яго двума стрэламі ў спіну.

Таксама ў місіі ААН заявілі, што правялі інтэрв'ю з 44 расійскімі вайскоўцамі, якія знаходзіліся ва ўкраінскім палоне. Назіральнікі падкрэслілі, што палонныя не заяўлялі пра катаванні ў месцах іх утрымання, аднак казалі пра жорсткае абыходжанне падчас перавозкі з поля бою. Гэтыя паказанні былі прынятыя да ведама.

Nashaniva.com