Хлопцы са Смілавіцкага каледжа са сталёвымі ружамі ўзарвалі тыкток

Хлопцы са Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа знянацку прачнуліся зоркамі тыктоку. Іх відэа набралі больш за 6,5 мільёна праглядаў, а ў каментарыі прыйшлі сотні фанатак. Сакрэт нечаканай папулярнасці — ружы з металу ў гонар 8 Сакавіка.

07.03.2024 / 17:03

Першае відэа з’явілася 5 дзён таму — у ім хлопцы паказваюць, як сваімі рукамі зрабіць брутальны падарунак на Міжнародны жаночы дзень. Майстар-клас заканчваецца фразамі:

— Сваім мамам мы ўжо зрабілі ружы. Ну а дзяўчатам — у працэсе. Бо іх у нас шмат.

@olgomec_belarus подарок на 8 марта своими руками, брутальный и из металла. #смиловичскийколледж #смиловичскийлицей #8марта #8сакавика #международныйженскийдень ♬ оригинальный звук - ⚙️️Спяцы

На развітанне гучыць смачны цмок. І вось за гэту буську ў каментарыях разгарэлася бойка. Шмат дзяўчат прэтэндавала на тое, каб яна была менавіта для іх. Ролік набраў 5,6 мільёна праглядаў і каля 495 тысяч лайкаў, а таксама больш за 6 тысяч каментарыяў.

У наступным відэа хлопцы распавялі настаўніку, што налічылі ўжо больш за 140 металічных руж і збіліся з ліку. Той прапанаваў падарыць кветкі дзяўчатам на 8 Сакавіка. Гэтае відэа менш чым за суткі ўжо набрала каля 1,2 мільёна праглядаў і больш за 70 тысяч лайкаў.

@olgomec_belarus Смиловичский государственный колледж подготовил подарки к 8 марта! #международныйженскийдень #8сакавика #смиловичскийлицей #смиловичскийколледж #изделияизметалла #металлическиефигуры #8марта ♬ Девчонки с праздником 8 марта - Александр Закшевский

У каментарыях зноў шмат хто захапляўся — і ружамі, і хлопцамі, і іх настаўнікам. Адна дзяўчына адзначыла, што ў яе ёсць такая ружа: «З ёй не страшна хадзіць па вуліцах у цемры. А так прыгожая!»

Але ж у гэты раз хапіла і крытыкі: «Жывым дзяўчатам трэба дарыць жывыя кветкі. Гэтыя да помнікаў аднясіце».

Дарэчы, памятаеце драму ў Мінску, калі дзяўчына абурылася тым, што ёй даслалі 151 ружу не таго памеру? Здаецца, хлопцы са Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа маглі б дапамагчы ёй глабальна вырашыць праблему. Дый металічныя ружы дакладна не завянуць.

Чытайце таксама:

Дзе таннейшыя цюльпаны — у прадаўцоў на вуліцы ці ў краме? 

Беларус ператварыў адзін з пакояў у цяпліцу і вырошчвае там цюльпаны на продаж

Драма ў Мінску: дзяўчыне падарылі 151 ружу не таго памеру

Nashaniva.com