«У яе вельмі мудры погляд». У мінскім гатэлі паселяць экзатычную птушку

Стала вядома, што ў Мінску ў гатэлі «Еўропа» паселіцца белая палярная сава. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі.

27.02.2024 / 17:32

Фота: rsti.by

Адзначаецца, што гэта будзе адзіны жыхар названай гасцініцы, размешчанай у цэнтры Мінска, які будзе афіцыйна прапісаны па яе адрасе. Таксама гаворыцца, што на пастаяннае месца жыхарства ў гатэль «Еўропа» белая палярная сава пераедзе ўжо 5 сакавіка, да моманту адкрыцця рэстарана 1884 D'europe, дзе будзе сустракаць гасцей.

«Яна як велізарнае белае воблака — вельмі рэдкі від», — адзначыў дырэктар гатэля Дзмітрый Купрыянюк.

Паводле яго, саве заводзяць пашпарт. Таксама яна праходзіць ветэрынарны кантроль і неабходныя камісіі. Акрамя таго, птушку рэгіструюць на пастаяннае месца жыхарства ў гатэлі.

Дырэктар удакладніў, што клетку для савы падрыхтавалі па ўсіх міжнародных стандартах. Ён дадаў, што было заключана пагадненне з мінскім заапаркам на абслугоўванне птушкі.

«За ёй будуць даглядаць і прадстаўнікі заапарку, і нашы супрацоўнікі, якія пройдуць спецыяльнае навучанне», — адзначыў ён. А таксама растлумачыў, чаму для прэзентацыі гасцініцы выбралі менавіта гэтую птушку.

«Чаму менавіта сава? Акрамя таго, што яна доўгажыхар, у яе вельмі мудры погляд».

Увогуле ж рэстаран «1884 D'europe» мае вылучацца не толькі савой і назвай на французскі манер, але і асаблівым інтэр'ерам. У яго афармленні выразна прасочваецца стылістычнае ўплыў Францыі XIX стагоддзя. Цэнтрам увагі стане аўтэнтычная люстра, набытая праз калекцыянера. Яна сотню гадоў упрыгожвала адзін з французскіх замкаў, а цяпер будзе ўзвышацца ва ўваходнай групе рэстарана.

Чытайце таксама:

«Калі я прынёс гэтыя талеркі, ва ўсіх былі круглыя вочы: «Ваў!». Дырэктар гатэля «Еўропа» расказаў пра вар'яцкі крэатыў, з якім ён рэфармуе ўстанову

У мінскім крутым гатэлі ўжо больш за тры гады жыве італьянец. І з'язджаць не збіраецца

Пажыць каралямі. Колькі каштуюць люксы ў крутых беларускіх гатэлях?

Nashaniva.com