Палітвязня другі раз будуць судзіць за данаты, нягледзячы на касмічныя адкупныя. Зараз яму пагражае да 15 гадоў

Аляксандра Зіязэтдзінава восенню 2022 года ўжо асудзілі да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў «Байпол» і іншыя арганізацыі за некалькі месяцаў да прызнання ініцыятыў «экстрэмісцкім фармаваннем».

22.02.2024 / 11:16

Сюжэт пра Аляксандра быў паказаны ў чэрвені 2023 года па БТ.

Там расказвалі, што праграміста з Мінска вінавацілі ў данатах крыптавалютай розным ініцыятывам — «Кіберпартызанам», «МотолькоПомогі», «Байсол», «Байпол».

Затрымалі летась, далі 3 гады калоніі, а потым прапанавалі адкупіцца. У тым сюжэце расказваалася, што мужчына абмяняў 31 біткойн і залічыў суму на рахункі медустаноў, а таксама падаў хадайніцтва аб памілаванні. Тады адзін біткойн каштаваў 25 тысяч даляраў (то-бок ён мог «ахвяраваць» дзяржаве тады суму эквівалентную 775 тысячам даляраў).

Палітвязень Аляксандр Зіязэтдзінаў, затрыманы за данаты, і прапагандыст АНТ Аляксей Краквін. Скрын відэа АНТ

Зараз адзін біткойн наогул каштуе 51 800 даляраў

Тым не менш мужчыну прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.

Цяпер стала вядома, што 29 лютага Аляксандра зноўку будуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе.

Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Цяпер мужчыне пагражае да 15 гадоў калоніі. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Шылько, піша «Вясна».

Падтрымаць вязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Зіязэтдзінаў Аляксандр Зуфар'евіч

Nashaniva.com