Венгерскі палітык заявіў, што ў выпадку паразы Украіны Венгрыя будзе прэтэндаваць на Закарпацце

Лідар венгерскай ультраправай партыі Mi Hazank («Наша Радзіма») Ласла Тароцкаі заявіў, што ў выпадку паражэння Украіны ў вайне з Расіяй Будапешт можа прэтэндаваць на Закарпацце. Пра гэта палітык сказаў, выступаючы на штогадовым мерапрыемстве партыі «Наша Радзіма» ў Будапешце ў суботу, 27 студзеня.

28.01.2024 / 13:20

 

Ласла Тароцкаі. Фота: Máthé Zoltán / MTI

«Калі ў выніку вайны дзяржаўнасць Украіны спыніцца, то «Наша Радзіма» будзе прэтэндаваць на Закарпацце», — заявіў Тароцкаі. 

Венгерскі палітык таксама сказаў на камеры пра тое, што нібыта «ціск з боку міжнародных фінансавых інстытутаў» прывёў да вайны на тэрыторыі Украіны, «разбурыўшы Еўропу і адправіўшы эканоміку кантынента на дно».

«Наша Радзіма» (венг. Mi Hazánk) — ультраправая палітычная партыя Венгрыі. Лідар партыі — Ласла Тароцкаі. Па выніках выбараў 3 красавіка 2022 года партыя набрала пры галасаванні па партыйных спісах у адзінай агульнанацыянальнай выбарчай акрузе 332 440 галасоў (5,88%), пераадолела барʼер і атрымала 6 месцаў у Дзяржаўным сходзе (аднапалатным парламенце Венгрыі).

Nashaniva.com