«Амкадор» пачынае вырабляць зброю — што вядома пра комплекс «Вартавы» і беспілотнік «Свіслач»

У новым расследаванні Белпола, сярод іншага, распавядаецца пра асобнае прадпрыемства ў складзе холдынга «Амкадор», якое займаецца вытворчасцю беспілотнікаў і іншай зброі.

28.01.2024 / 13:41

Холдынг «Амкадор». Скрын відэа osbbelpol / YouTube

У разгалінаванай структуры «Амкадора» існуе ўнітарнае прадпрыемства «Завод СВТ». Яно займаецца вытворчасцю асцыёграфаў, вальтметраў, чыстамераў, генератараў, шумамераў. Разам з гэтым прадпрыемства мае схаваную вытворчасць у інтарэсах ваенна-прамысловага комплекса Беларусі. Яе ніхто не афішуе, бо можа быць непрыемная рэакцыя.

Ліст на імя Лукашэнкі за подпісам старшыні савета дырэктароў холдынга «Амкадор» Аляксандра Шакуціна. Скрын відэа osbbelpol / YouTube

У распараджэнні Белпола аказаўся ліст, накіраваны 30 лістапада 2021 года на імя Лукашэнкі за подпісам Аляксандра Шакуціна. З яго вынікае, што на заводзе СВТ сумесна з упраўленнем ракетных войскаў і артылерыі Генштаба Узброеных сіл Беларусі праводзяцца вопытна-канструктарскія работы па стварэнні артылерыйскага радыёлакацыйнага комплексу (АРК) разведкі і абслугоўвання стральбы (шыфр «Вартавы»)». Гэты комплекс дазваляе вызначыць каардынаты варожых батарэй і карэктаваць стральбу сваіх ваенных фармаванняў.

Ліст на імя Лукашэнкі за подпісам старшыні савета дырэктароў холдынга «Амкадор» Шакуціна. Скрын відэа osbbelpol / YouTube

Як сцвярджаецца ў лісце, АРК «з'яўляецца шматмэтавым і не мае аналагаў у свеце». Па задумцы распрацоўшчыкаў, па сваіх параметрах ён будзе адпавядаць сусветным аналагам, будзе здольны абслугоўваць запуск ракетных сістэм залпавага агню (РСЗА) на адлегласць 32 км, артылерыі — на 23 км, мінамётаў — на 20 км.

Такія характарыстыкі дазволяць размяшчаць АРК на аддаленасці ад лініі судакранання. У параўнанні з лепшымі імпартнымі ўзорамі комплекс, як адзначаецца ў лісце, будзе мець больш высокія характарыстыкі выяўлення і будзе запатрабаваны ў Міністэрстве абароны Расіі.

Акрамя гэтага, як вынікае з дакумента, на прадпрыемстве праводзіцца работа па стварэнні беспілотнага квадракоптара (шыфр «Свіслач»), які дазваляе ліквідаваць як варожыя беспілотнікі, так і наземныя цэлі. Ён можа выступаць як у ролі беспілотніка-камікадзе, так і ў ролі беспілотніка-знішчальніка. Пры гэтым, як адзначаецца ў лісце, распрацоўка беспілотніка-знішчальніка павінна была скончыцца ад 31 жніўня 2023 года.

Да плюсаў беспілотніка «Свіслач» распрацоўшчыкі адносяць высокую хуткасць, здольнасць знішчаць як наземныя, так і паветраныя абʼекты, распазнаванне абʼекта для паражэння з дапамогай аптычнай сістэмы рознага ўзроўню складанасці. Наяўнасць інфачырвонай аптычнай сістэмы дазволіць такому беспілотніку працаваць ноччу, у аблоках і ў тумане. Сцвярджаецца, што ў новай распрацоўкі высокая ўстойлівасць да перашкод з боку праціўніка.

Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Шакуцін

Завод СВТ мае намер распрацаваць наземны пункт кіравання беспілотнікамі, які дазволіць дыстанцыйна кіраваць некалькімі беспілотнікамі і весці працяглае дзяжурства некалькімі разлікамі. Пры гэтым пункт кіравання можа быць завязаны ў сістэму кіравання зброяй і агнём. Плануецца забяспечыць яго спалучэнне з артылерыйскімі радыёлакацыйнымі комплексамі разведкі «Вартавы».

Таксама павінна быць дасягнута поўная лакалізацыя вытворчасці на плошчах холдынга «Амкадор». Кошт такога беспілотніка не павінен перавысіць $50 тысяч за адзінку. Але ўсё будзе залежыць ад кошту оптавалаконнай сістэмы.

Распрацоўкі холдынга знаходзяцца пад пастаянным кантролем Генштаба.

Чытайце яшчэ:

«Амкадор» дамовіўся пра супрацоўніцтва з «ДНР»

Шакуцін прасіў ЕС зняць з яго санкцыі. Не пашанцавала

Холдынг Аляксандра Шакуціна ідзе да банкруцтва

Nashaniva.com