Sejmflix and chill. Анлайн-трансляцыі пасяджэнняў парламента Польшчы сенсацыйна б'юць рэкорды

Сусветныя СМІ пішуць пра імклівы рост папулярнасці праглядаў пасяджэнняў парламента Польшчу. Колькасць падпісчыкаў канала Сейма на YouTube наблізілася да 700 тысяч. У чым прычына?

03.01.2024 / 20:09

Зала пасяджэнняў Сейму Польшчы. Скрын відэа SejmRP_PL / YouTube

Як піша Financial Times, новы спікер Сейма Шыман Галоўня пераўтварыў парламенцкія дэбаты ў сенсацыю.

Ураджэнец Беластока Галоўня — лідар партыі «Польшча 2050», якая ўваходзіць у новую кіруючую кааліцыю. Узначаліўшы ў лістападзе Сейм, 47-гадовы спікер, які раней вёў польскую версію тэлешоу Got Talent, параіў грамадзянам «запасацца папкорнам» і глядзець парламенцкія дэбаты, якія, як ён паабяцаў, стануць больш захапляльнымі і натхняльнымі.

Выданне адзначае, што дасціпнасць і непасрэднасць спікера пераўтварылі яго ў галоўную сенсацыю ў сацыяльных сетках. Сам Галоўня расказаў выданню, што польскі Сейм цяпер стаў «самым папулярным парламентам у свеце».

Тыя ж выбаршчыкі, якія ў кастрычніку стаялі ў чэргах перад выбарчымі ўчасткамі, каб перамагчы кіроўную тады партыю «Закон і справядлівасць», цяпер «хочуць убачыць, як адбываюцца змены».

Спікер парламента Польшчы Шыман Галоўня. Скрын відэа SejmRP_PL / YouTube

Сесія парламента, на якой адбывалася галасаванне за кандыдатуру Дональда Туска на пасаду прэмʼер-міністра, набрала ў YouTube 4,2 мільёна праглядаў.

Цяпер кожная трансляцыя пасяджэнняў Сейма набірае па некалькі сотняў тысяч праглядаў. А канал парламента мае 690 тысяч падпісчыкаў (гэта больш чым у пяць разоў перавышае колькасць падпісчыкаў нямецкага Бундэстагу) і сярэбраную кнопку. Пасяджэнні сталі настолькі папулярнымі, што іх пачалі трансляваць у кіназалах.

Як адзначае Financial Times, шмат хто з палякаў глядзіць за палітычнымі зменамі як за найлепшым серыялам. Выданне падкрэслівае, што менавіта цікавасць моладзі фарміруе пастаянны рост папулярнасці польскага Сейма. Папулярны сярод маладых людзей слоган «Netflix and chill» заменены на «Sejmflix and chill».

«Я б хацеў, каб у людзей увайшло ў звычку глядзець пасяджэнні Сейму, хоць я разумею, што цяперашнія лічбы праглядаў будзе вельмі цяжка падтрымліваць. Грамадзянін, які сочыць за ўладаю, — аснова дэмакратыі», — цытуе выданне Шымана Галоўню.

Акрамя гэтага, спікер заяўляе, што Сейм будзе больш адкрытым і канструктыўным:

«Ад парламента, у якім да апазіцыі ставіліся з пагардай, у якой адключалі мікрафон, і дзе галасаванне паўтаралася, калі вынік не задавальняў выканаўчую ўладу, мы вярнуліся да вытокаў парламентарызму».

Выданне звяртае ўвагу, што адпаведна з апытаннямі грамадскага меркавання Ibris, вынікі якога былі апублікаваныя ў снежні, Галоўня зʼяўляецца палітыкам, які карыстаецца найбольшым даверам насельніцтва, апераджаючы прэмʼер-міністра Дональда Туска і прэзідэнта Анджэя Дуду.

Чытайце яшчэ:

У польскім Сейме разгарэўся скандал на антысеміцкім грунце

Новы польскі прэм'ер Дональд Туск прадставіў свой будучы ўрад

У Польшчы перамагла апазіцыя. Як гэта адаб’ецца на Беларусі

Антось Жупран