Камандзір карабля Чарнаморскага флоту загінуў. Пацвярджаецца інфармацыя ГУР пра атаку па дэсантных катэрах у Крыме

Старэйшы мічман ВМФ Расіі Дзяніс Нікіцін, які камандаваў адным з караблёў ЧФ, загінуў «ратуючы свой карабель ад траплення дрона». 

23.11.2023 / 15:30

Інфармацыю пра гэта паведаміў сайт Чарнаморскай казацкай акругі, але пазней інфармацыю выдаліў, пакінуўшы толькі тое, што прайшло развітанне з Нікіціным.

«Ратуючы свой карабель ад траплення дрона, старэйшы мічман па-геройску загінуў», — гаворыцца на сайце.

Нікіцін камандаваў дэсантным катэрам праекта 11770 «Серна», пра атаку на які 10 лістапада паведаміў ГУР Украіны.

10 лістапада ГУР Украіны паведаміў пра паражэнне двух дэсантных караблёў Чарнаморскага флоту РФ у Крыме. ГУР напісаў, што яны «пайшлі на дно». Таксама там заявілі, што на караблях знаходзіўся экіпаж і была загружаная браняваная тэхніка, у тым ліку БТР-82.

Nashaniva.com