У Гродзенскай гімназіі на ўроку памерла шасцікласніца

У пятніцу, 17 лістапада, у адной з гімназій Гродна на ўроку памерла шасцікласніца. Дзяўчынцы стала дрэнна, ёй аказвалі медыцынскую дапамогу, але выратаваць яе не ўдалося, расказалі выданню «Люстэрка» ягоныя чытачы. Міністэрства адукацыі пра надзвычайнае здарэнне пакуль не паведамляла.

20.11.2023 / 18:20

Фота ілюстрацыйнае

Як расказаў «Люстэрку» сваяк аднаго з вучняў, у гімназіі №5 у Гродне памерла шасцікласніца. Дзяўчынцы было 12 гадоў. У гэтай установе адукацыі ёсць класы з харэаграфічным ухілам, і надзвычайнае здарэнне адбылося на ўроку танцаў.

«Наколькі я ведаю, у дзяцей штодня ўрокі танцаў, часам яны даўжэйшыя за дзве гадзіны, нагрузка вялікая, але дзецям падабаецца. Ну і ў пятніцу проста на ўроку дзяўчынцы стала дрэнна, яна памерла.

Настаўнікаў пасля здарэння збіралі на нейкую нараду і, напэўна, сказалі, каб яны маўчалі. Таму што бацькам пра гэта нічога ў школе не казалі — ні ў навінах, ні ў чатах інфармацыі няма. Але гэта абуральна — хоць бы патлумачылі прычыну, паставілі бацькоў у вядомасць, каб хаця б яны ведалі, можа, дзесьці за здароўем дзяцей больш сачыць трэба, да лекара хадзіць часцей, калі такія нагрузкі», — расказаў суразмоўца.

Паводле яго слоў, калі дзіцяці стала кепска, праводзіліся рэанімацыйныя дзеянні, верагодна, прыязджала хуткая, але адкачаць дзяўчынку не змаглі.

Неафіцыйная прычына смерці — праблемы з сэрцам.

У гімназіі, куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як мама адной з вучаніц, пацвердзілі: шасцікласніца памерла падчас урока.

«Стала кепска, страціла прытомнасць — і ўсё, лекары не змаглі адкачаць, аказаць дапамогу. Там у дзіцяці былі праблемы са здароўем», — патлумачылі ў адміністрацыі, а падрабязнасці праз тэлефон расказваць адмовіліся.

Афіцыйна мясцовыя ўлады Гродна або Міністэрства адукацыі пра надзвычайнае здарэнне са смерцю дзіцяці на ўроку не паведамлялі. Пакуль невядома, ці праводзіцца нейкая праверка.

Чытайце таксама:

Рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамена правядуць 27 студзеня

Колькасць падлеткаў-вэйпераў за пяць гадоў вырасла ў тры разы — НПЦ гігіены

Рэцэпт мінскай шасцікласніцы ўвайшоў у меню сталічных школ у новай чвэрці

Nashaniva.com