ХАМАС страціў кантроль над поўначчу сектара Газа — Нетаньяху

Прэмʼер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху заявіў, што ізраільскія войскі завяршылі акружэнне Газы. Таксама ён адмовіўся перадаваць кантроль над сектарам Газа палестынскай адміністрацыі Махмуда Абаса, піша «Медуза». 

12.11.2023 / 11:00

 

Прэмʼер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху. Фота: Sean Gallup / Getty Images

«У тэрарыстаў не засталося бяспечнага месца, каб схавацца… Мы знішчым ХАМАС і выратуем нашых закладнікаў», — сказаў прэмʼер на прэс-канферэнцыі ўвечары 11 лістапада.

Нетаньяху адзначыў, што ЦАХАЛ будзе заставацца ў сектары Газа столькі, колькі гэта неабходна, каб не дапусціць выкарыстання анклава для тэрарыстычных нападаў супраць Ізраіля. «ХАМАС будзе дэмілітарызаваны. Для Ізраіля больш не будзе пагроз з боку сектара Газа. І каб гарантаваць гэта, ЦАХАЛ будзе кантраляваць бяспеку Газы столькі, колькі спатрэбіцца, каб перадухіліць тэрор адтуль», — заявіў ён.

Таксама прэмʼер выступіў супраць перадачы кантролю над сектарам Газа Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі на Заходнім беразе Іардана, якую ўзначальвае Махмуд Абас. Кіраўнік ізраільскага ўрада адзначыў, што палестынскі лідар да гэтага часу не асудзіў напад ХАМАС на Ізраіль.

«Там не будзе грамадзянскай улады, якая вучыць сваіх дзяцей ненавідзець Ізраіль, забіваць ізраільцянаў ці знішчаць Ізраіль. Там не можа быць улады, якая плаціць семʼям забойцаў. Не можа быць улады, якая не асудзіла разню праз 30 дзён. Павінна быць нешта іншае, але ў любым выпадку пад нашым кантролем бяспекі. Я стаю на гэтым і не збіраюся здавацца», — падкрэсліў Нетаньяху.

Ён таксама заявіў, што ХАМАС страціў кантроль над поўначчу сектара Газа і што спынення агню не будзе без вызвалення закладнікаў.

Тэрарысты палестынскага руху ХАМАС напалі на Ізраіль 7 кастрычніка, забіўшы 1200 чалавек і ўзяўшы ў закладнікі каля 240 чалавек. Армія абароны Ізраіля ў адказ на атаку пачала наносіць авіяўдары па сектары Газа, а затым увайшла на палестынскую тэрыторыю, пачаўшы наземную аперацыю. Па даных палестынскага боку, у сектары Газа з 7 кастрычніка загінулі больш за 11 тысяч чалавек.

Nashaniva.com