На продаж амаль за 20 тысяч даляраў выставілі 15-гадовы VW Passat B6. У чым яго фішка

У Мінску прадаюць дызельны 15-гадовы VW Passat B6 за 19 700 даляраў, што вельмі дорага. Чаму за шараговы «народны» аўтамабіль просяць такія грошы?

26.09.2023 / 13:08

Фота: av.by

Знешне гэты Passat 2008 года выпуску нічым не адрозніваецца ад сотняў іншых. Пад капотам вы таксама не знойдзеце нічога рэдкага, бо там стаіць самы звычайны дызельны рухавік аб'ёмам 2-літры. Працуе ён у пары з механічнай каробкай перадач.

Фота: av.by

Салон таксама максімальна просты. Ды і звонку нічога асаблівага, нават калёсныя дыскі тут не літыя, а жалезныя.

Сярэдні кошт такіх аўто каля 7 тысяч даляраў.

Фішка гэтага аўто не ў камплектацыі, а ў надзвычайна малым прабезе. За 15 гадоў гэты аўтамабіль праехаў усяго 7508 кіламетраў. У сярэднім гэта па 500 кіламетраў у год.

Фота: av.by

Адпаведна, выглядае гэты аўтамабіль як новы. Гледзячы па фота, прынамсі ў салоне цалкам адсутнічаюць сляды эксплуатацыі.

Фота: av.by

Днішча аўтамабіля таксама выглядае амаль як новае. А вось на кузаве, нягледзячы на смешны прабег, ёсць некаторыя нюансы. Маюцца драпіны на адной з дзвярэй, крыху пашкоджаны задні бампер, ёсць «тычок» на кромцы верху багажніка.

Фота: av.by, калаж «Наша Ніва»

Чаму шараговы дызельны «Пасат» у сціплай камплектацыі за 15 гадоў праехаў толькі 7508 км — гісторыя замоўчвае.

У апісанні пазначана, што большую частку часу да цяперашняга моманту аўтамабіль стаяў у гаражы. Уладальнік пасля куплі нібыта карыстаўся ім некалькі разоў.

Гэты VW Passat B6 можна назваць «капсулай часу», але ўсё адно малаверагодна, што знойдзецца нехта, гатовы выкласці амаль 20 тысяч даляраў за такое аўто.

Фота: av.by

«Пасатам» шостай генерацыі яшчэ далека да таго, каб стаць янгтаймерамі. Дый у выпадку з масавымі аўто каштоўнасць звычайна маюць машыны калі не ў нейкай рэдкай, то прынамсі ў добрай камплектацыі, чаго нельга сказаць пра дадзены экзэмпляр.

Чытайце таксама:

За колькі перапрадаюць «блатныя» аўтамабільныя нумары? Цэны ўражваюць

Легенды з 80-х і 90-х: той рэдкі выпадак, калі ў Беларусі гэтыя машыны таннейшыя, чым у Германіі

Nashaniva.com