Абавязковае размеркаванне ўвядуць і для платнікаў, а бюджэтнікам павысяць яго працягласць — нарада ў Лукашэнкі

Абмяркоўваецца павышэнне тэрмінаў адпрацоўкі выпускнікоў ВНУ да пяці гадоў, а мэтавікаў — да сямі гадоў. Дыялог Аляксандра Лукашэнкі і міністра адукацыі на сённяшняй нарадзе пацвярджае інфармацыю, якую «Наша Ніва» мае ад сваіх крыніц. 

21.09.2023 / 16:57

Нарада па адукацыі ў Аляксандра Лукашэнкі. Скрыншот з відэа тэлеграм-канала Пул первого

На нарадзе па пытаннях адукацыі між Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам адукацыі Андрэем Іванцом разгарнуўся дыялог, з якога можна зразумець, што выпускнікоў беларускіх універсітэтаў чакаюць большыя тэрміны размеркавання. 

Відэа размясціла прэс-служба Лукашэнкі ў тэлеграм-канале «Пул первого». 

Аляксандр Лукашэнка пачаў з абурэння сістэмай размеркавання: «Што за сістэма такая? Скончыў ВНУ, не адпрацаваў і сышоў». 

«Сёння і бюджэтнік і платнік, па нашым меркаванні, павінны адпрацоўваць, — адказаў Іванец, — адпаведныя змены мы гатовы ўнесці ў Кодэкс аб адукацыі». 

Міністр адукацыі дадаў, што яго ведамства перагледзела ў бок павышэння і выдаткі дзяржавы на падрыхтоўку спецыяліста. Ён прывёў у прыклад Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе ў выніку перарахунку выйшла, што зараз студэнт-бюджэтнік, які захоча атрымаць дыплом, не адпрацаваўшы размеркавання, будзе вінаваты дзяржаве 40—45 тысяч рублёў. 

Лукашэнка працягнуў развіваць тэму ў частцы таго, што для краіны непрымальна, калі спецыялісты пасля ўніверсітэтаў з'язджаюць. 

«Настаўніка або медыка мы яшчэ на рабоце вучым, а яны з'язджаюць. Я лічу, тут павінны дзейнічаць забаронныя захады, або паўзабаронныя. Ну, дапусцім, пяць гадоў.

«Мэтавік» — 5 год (яно так ёсць і цяпер — Рэд.), а можа, недзе арыентавацца і на 7 гадоў», — загадаў Лукашэнка. 

А міністр Іванец агучыў аргумент, які чытаецца як абгрунтаванне ўвядзення абавязковага размеркавання і для платнікаў. 

«Сёння толькі 50—70% платнік плаціць за вучобу. У нас няма цалкам платнай адукацыі, у нас у рэальнасці паўплатная адукацыя», — сказаў ён. На гэтым відэа лукашэнкаўскай прэс-службы абрываецца. 

Трэба сказаць, што цалкам платнай адукацыі сапраўды няма: сістэма працуе так, што той, хто атрымлівае платную першую адукацыю, мае права на вяртанне падаходнага падатку па месцы працы, калі ён сам плоціць са сябе. Калі не сам, то такое права маюць яго бацькі або апекуны. 

Гэтая мера часткова стрымлівае абітурыентаў ад паступлення на платнае навучанне за мяжу, бо ў гэтым выпадку такую кампенсацыю яны атрымаць не могуць. 

Як «Нашай Ніве» вядома з інфармаваных крыніц, цяпер рыхтуюцца змены ў механізм размяркоўвання студэнтаў — платнікі таксама будуць абавязаны адпрацоўваць.

Магчыма, платнікаў абавяжуць адпрацоўваць адзін год, але, кажуць у ведамствах, «Лукашэнка б хацеў, каб гэта было больш чым год, ён увогуле супраць таго, каб выпускаць людзей з Беларусі, таму пакуль што мы гаворым пра тое, што магчыма ў моманце, а што не», — кажа суразоўца «Нашай Нівы». 

Тэрміны адпрацовак для настаўнікаў і медыкаў пры мэтавым накіраванні могуць вырасці да сямі гадоў. Тэрмін звычайнага размеркавання можа вырасці да пяці гадоў. 

Калі гэта здарыцца, Беларусь зробіць яшчэ адзін крок у кірунку прыгоннага права і да яшчэ большага кантролю дзяржавы над чалавекам.

Гэта таксама паказвае, што лукашэнкаўцы сутыкнуліся з праблемай дэфіцыту кадраў у выніку хвалі эміграцыі, выкліканай масавымі рэпрэсіямі і саўдзелам Беларусі ў вайне супраць Украіны.

Nashaniva.com