У Мінску праграміста судзяць адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу

Падрабязнасці справы праграміста Максіма Мнацаканава, якога пачалі судзіць 20 верасня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе, паведамляюць праваабаронцы. 

21.09.2023 / 15:01

Судовы працэс вядзе Дзіна Кучук.

Мужчыну абвінавачваюць адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады),
ч. 1 арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы),
ч. 2 арт. 366 (Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы),
ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх),
ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі),
арт. 389 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі),
ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 391 (Абраза суддзі),
арт. 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў адносінах супрацоўніка ўнутраных спраў),
ч. 3 арт. 361 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім). 

Вядома, што ў віну яму ставяць 5-10 каментароў, якія ён пісаў цягам 2020-21 гадоў, у тым ліку, у бок суддзі Аляксандра Воўка, які вядомы прысудамі ў палітычных справах.

Максім Мнацаканаў — праграміст. Адразу пасля затрымання ў снежні 2022 году яго ўтрымлівалі ў ІЧУ Мінскага раёна і жодзінскай турме.

Яго ўнеслі ў спіс асобаў, якія «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Вядома, што ён мусіць выплочваць крэдыт за кватэру, мае 10-гадовага сына.

Nashaniva.com