Доктар Вітушка: «У аддзяленні рэанімацыі няма жанчын і мужчын»

Вядомы беларускі доктар у сябе ў фэйсбуку адгукнуўся на вынікі новага даследавання, хто — хірургі-мужчыны ці хірургі-жанчыны — дэманструюць лепшыя вынікі.

12.09.2023 / 12:59

Ілюстратыўнае фота: Наша Ніва

«Вядзецца пра два даследаванні — з Канады і Швецыі, апублікаваныя ў свежым нумары прэстыжнага амерыканскага часопіса JAMA Surgery, дзе аналізуецца колькасць ускладненняў у хірургічных пацыентаў у залежнасці ад пола іх лекараў. Шыкоўная выбарка — каля 1,2 млн пацыентаў у рабоце з Таронта і больш за 150 тысяч у шведскім даследаванні. Перыяд назірання — 2006—2019 гады, — піша доктар Вітушка. — Аўтары з Канады аналізавалі вынікі 25 відаў стацыянарных аперацый на сэрцы, мозгу, іншых унутраных органах, а таксама костках, а шведскія даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні пацыентаў пасля аднаго віду аперацый — халецыстэктаміі. 

У адрозненне ад мінулых работ, якія паказвалі, што жанчыны-хірургі нічым не горшыя за мужчын, цяперашнія засведчылі перавагу хірургаў-жанчын: іх пацыенты маюць меншую колькасць ускладненняў праз 90 дзён пасля аперацый і радзей паміраюць.

Больш за тое, колькасць ускладненняў праз год пасля аперацыі ў іх таксама меншая. Адзіны параметр, па якім мужчыны-хірургі пераўзыходзілі жанчын — гэта працягласць умяшальніцтваў (яна ў іх карацейшая), што арыгінальна пракаментаваў прафесар Martin Almquist са Skåne University hospital (Швецыя): «Той факт, што жанчыны-хірургі маюць меншую колькасць ускладненняў, але большую працягласць апрацый, сведчыць пра тое, што прынцып амерыканскіх Navy Seals ‘slow is smooth, and smooth is fast’ (паволі — гэта плаўна, а плаўна — гэта хутка — НН) таксама пасуе і да хірургіі». 

А што не пасуе да хірургіі (і да анэстэзіялогіі-рэаніматалогіі заадно) — гэта загад Міністэрства аховы здароўя РБ №879 «Об организации обучения в субординатуре» (папярэдняя спецыялізацыя, якая займае апошні курс медунівера і фактычна абумоўлівае сферу дзейнасці доктара на 3—4 гады пасля заканчэння ВНУ), дзе даведзеныя гендарныя квоты для пэўных спецыяльнасцяў. Напрыклад,

для анэстэзіялогаў-рэаніматолагаў у БДМУ прадугледжана 20 месцаў для жанчын і 40 для мужчын, а па хірургіі 31 і 39 адпаведна. Улічваючы, што суадносіны паміж мужчынамі і жанчынамі сярод студэнтаў-медыкаў Беларусі ў лепшым выпадку 1:3, то шанцы для дзяўчат трапіць у анэстэзіялогію і хірургію становяцца яшчэ меншымі — маем яшчэ адну ілюстрацыяй да паняцця «незаслужаная дыскрымінацыя».

Сярод майго кола кантактаў ужо ёсць выпадак, калі матываваную калегу, якая свядома ішла і рыхтавалася да працы анэстэзіёлагам-рэаніматолагам (напрыклад, стала сертыфікаваным інструктарам па першай дапамозе), не прапусцілі на адпаведную спецыялізацыю, — расказвае доктар Вітушка. — Залішне казаць, што мой больш чым 20-гадовы досвед у прафесіі пераканаўча сведчыць, што стары прынцып «у аддзяленні рэанімацыі няма жанчын і мужчын — там усе калегі» — вельмі справядлівы. 

Зразумела, што пацярпяць пацыенты. Бо працягласць паслядыпломнай падрыхтоўкі лекара-спецыяліста ў Беларусі ў разы карацейшая, чым у любой з развітых краін. І аслабляць яе дадаткова праз тое, што ў прафесію прыйшлі мужчыны, якія пайшлі ў аддзяленне рэанімацыі, таму што гэта ўсё лепш, чым сядзець на прыёме ў паліклініцы, так сабе ідэя», — падсумоўвае знакаміты дзіцячы рэаніматолаг. 

Nashaniva.com