Пад Мінскам рыбу кету перафарбоўвалі ў «стронгу» і казалі, што так яшчэ лепш

Прыватная фірма пад Мінскам прадавала фарбаваную кету пад выглядам фарэлі. Цяпер уладальнікаў фірмы будуць за гэту схему судзіць, паведаміў Следчы камітэт.

25.08.2023 / 21:25

Самка кеты. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons 

Гісторыя гэтай бізнэс-схемы пачалася вясной мінулага года, калі на прадпрыемства паступілі заяўкі на выраб паўфабрыкатаў стронгі ў кавалках. Неабходнай сыравіны ў дастатковай колькасці не знайшлося, аднак у галоўнага тэхнолага ўзнікла ідэя: узяць танную рыбу з сямейства ласосевых і выдаць яе за дарагую.

Паколькі пробная партыя не выклікала падазрэнняў у замоўцы, то схему паставілі на паток. Фарбаваную кету сталі прадаваць пад выглядам «стронгі вясёлкавай». Такім чынам было рэалізавана больш за дзве тоны рыбы, а прыбытак ад продажу склаў не менш за 11 тысяч рублёў.

Калі схема раскрылася, то прадпрымальнікі спрабавалі апраўдацца тым, што «так нават лепш», бо кета, маўляў, больш чыстая рыба і не саступае па спажыўчай каштоўнасці стронзе.

Тым не менш, яны сталі фігурантамі па некалькіх крымінальных артыкулах, уключаючы ўвядзенне спажыўцоў у зман і перавышэнне паўнамоцтваў. Цяпер ім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

«Адсюль я ўжо дакладна нікуды не паеду». У Воранаўскім раёне чалавек адрадзіў вёску продкаў і разводзіць стронгу па асаблівай сістэме 

Чаму чырвоная рыба ад «Санта Брэмар» часам бледна-ружовая

Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?

Nashaniva.com